3 студзеня ў Паставах ушанавалі лепшых работнікаў сацыяльнай службы (+ фота)

Общество

3 студзеня ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Дню работнікаў сацыяльнай абароны. Сёлета яна асабліва адметная, бо споўнілася 95 гадоў сістэме сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. На мерапрыемстве былі падведзены вынікі работы, агучаны планы на бліжэйшую будучыню, узнагароджаны лепшыя работнікі сферы.

Начальнік упраўлення па  працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто, выступаючы з дакладам, адзначыў, што на плечы работнікаў галіны ўскладзена шырокае кола задач, а крытэрыямі ацэнкі з’яўляюцца ўменне працаваць з людзьмі, кампетэнтнасць, адказнасць. Падзякаваў усім за падтрымку і спонсарскую дапамогу. Асаблівыя словы падзякі выказаў ветэранам, а таксама Іне Вячаславаўне Саковіч, якая больш за 20 гадоў узначальвала службу сацыяльнай абароны, і Але Эдмундаўне Кейзік, якая шмат гадоў курыравала сферу.

Вера Мікалаеўна Астапенка, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, вітаючы прысутных на сходзе, гаварыла:

— Вы гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх структур улады Пастаўскі раён з’яўляецца адным з лепшых у галіне сацыяльнай палітыкі. Толькі ў 2013 годзе на базе раёна прайшлі тры абласныя семінары па пытаннях сацыяльнай абароны насельніцтва, прыязджалі намеснікі міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Ва­лер’евіч Кавалькоў і Аляксандр Аляксеевіч Румак, засталася ў захапленні ад візіту шведская дэлегацыя. Лепшым у рэспубліцы прызнаны Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр. Канчатковыя вынікі за мінулы год будуць падведзены крыху пазней, аднак, па папярэдніх даных, па ліку грама­дзян, якіх вы абслугоўваеце, раён у вобласці на трэцім месцы, па колькасці разавых паслуг — на другім. Сёння на тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва ў сярэднім па рэспубліцы прыходзіцца да шасці аддзяленняў, у вашым раёне — 7. Акрамя гэтага, укаранёна незлічоная колькасць нова­ўвядзенняў. Якасна выконваюцца рэкамендацыі камітэта.

За мінулы год ні ў адным раёне не было адкрыта столькі ставак сацыяльных работнікаў, як у Пастаўскім. За актыўную працу і асабісты ўклад у фінансаванне дзяржаўных сацыяльных праграм, рэалізацыю мерапрыемстваў па сацыяльным абслугоў­ванні насельніцтва раёна Па­дзякі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне абл­выканкама ўдастоена начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Л. М. Шэцка.

Дыплом і грашовая прэмія абкама прафсаюза ўручаны Дзіяне Іванаўне Пякарскай, дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэтай узнагароды ўдастоены Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр, які прызнаны пераможцам конкурсу на лепшы пакой па прыёме ежы. Акрамя гэтага, як старшыня прафсаюзнай арганізацыі Д. І. Пякарская аса­біста ўзнагароджана дыпломам і прэміяй.

Работа лепшых прадстаўнікоў сацыяльнай сферы Пастаўшчыны адзначана як на раённым, так і на абласным узроўнях Падзякамі і Ганаровымі граматамі. Па яе выніках С. А. Севярын, Л. М. Бяленка, Л. С. Рымша, Н. Т. Гатоўская, Т. В. Андрон, В. А. Ракоўская, З. М. Харэцкая, Г. В. Казакевіч, С. Т. Кетрыс, І. А. Матыевіч, А. Б. Мураўская  і В. І. Русак занесены на Дошку гонару ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. А Л. М. Шэцка, А. Э. Кейзік, У. М. Чакавы і В. Я. Бабічава ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі гэтага ўпраўлення.

Цёпла віталі работнікаў сацыяльнай службы былы намеснік старшыні райвыканкама А. Э. Кейзік і яе пераемнік Ю. М. Кісялёў, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў. З падарункамі прыйшлі ветэраны сацыяльнай абароны, а таксама галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы У. М. Чакавы і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Л. М. Шэцка. У той дзень са сцэны раённага Дома культуры гучала шмат цёплых слоў і віншаванняў. Усе сыходзіліся ў адным: сацыяльныя работнікі — гэта людзі з асаблівымі маральнымі якасцямі, здольныя не толькі зразумець чужыя праблемы, але і дапамагчы справіцца з імі.

Таксама на ўрачыстым мерапрыемстве былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу «Лепшы сацыяльны работнік года», які прайшоў у раёне ў другі раз. У тым, што яны не толькі добрыя і спагадлівыя, але і творчыя людзі, прысутныя змаглі пераканацца асабіста: на суд гледачоў удзельніцы конкурсу прадставілі невялікую мініяцюру. Каб захаваць інтрыгу, імёны пераможцаў конкурсу трымаліся ў сакрэце да апошняй хвіліны. Яго вынікі наступныя: трэцяе месца падзялілі С. І. Станюленіс і І. Л. Куцуха, другое — С. В. Турла і Ж. У. Руткоўская, пераможцай прызнана І. А. Кобзік.

Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, які падрыхтавалі ўзорная цыркавая студыя «Каскад», салісты народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» і іншыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РДК.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.