Біялогію вывучаюць не толькі на ўроках

Образование

Людміла Антонаўна  Домжа — настаўніца біялогіі і класны кіраўнік 9 класа Лынтупскай сярэдняй школы. Вучні лічаць, што ім вельмі пашанцавала з класнай “мамай”, а Людміла Антонаўна хваліць дзяцей.

— Іх у мяне зараз пятнаццаць, — расказвала. — Усе такія розныя і ў той жа час дружныя паміж сабой, з пачуццём гумару, актыўныя, працавітыя, нераўнадушныя да любой справы. З задавальненнем наведваюць гурток “Юныя лесаводы”, удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах экалагічнага кірунку. Колькі добрых спраў мы паспелі зрабіць!

Школьнікі шмат займаюцца навядзеннем парадку ў лесе, ля рэк і азёр Лынтупшчыны. Вывучаюць рэкі Лынтупчанка, Страча, Пелека, крыніцы ля Бялянішак і Гумбянаў, прыроду заказнікаў “Блакітныя азёры”, “Швакшты”. Стварылі Чырвоную кнігу Лынтупскага сельсавета, у якую занесены па пятнаццаць відаў рэдкіх раслін і жывёлін. Напрыклад, паміж Лынтупамі і Палессем юныя эколагі знайшлі гняздоўе беркутаў, каля вёскі Свірдуні — чорнага бусла.

— У кабінеце заседжвацца не любім, — гаварыла настаўніца. — Больш часу праводзім на прыро­дзе. Даглядаем мурашнікі, падкормліваем птушак і дзікіх жывёл. Самі нарыхтоўваем для іх кармы. Цесна супрацоўнічаем з кіраўніцтвам і калектывам Лынтупскага лясніцтва. Некалькі гадоў таму мелі свой гадавальнік. Робім шпакоўні. Праклалі сваю турыстычную сцяжынку з некалькімі пазнавальнымі  прыпынкамі.

Юныя лесаводы Лынтупскай школы — актыўныя ўдзельнікі розных акцый і неаднаразовыя пераможцы раённых конкурсаў. Пад кіраўніцтвам Л. А. Домжа вучні майструюць розныя вырабы з прыроднага матэрыялу, арганізуюць выставы работ. А як цікава праводзяць дні ўраджаю, свята работнікаў лесу!

Вялікі ўклад юных эколагаў у навядзенне парадку каля школы і ў самім пасёлку. Даглядаюць магілы партызанскай сям’і Асяненка. З вясны заняты пасадкай зялёных насаджэнняў, кветак. Затым іх праполваюць, паліваюць. Прыгажосць, створаная сваімі рукамі, прыносіць задавальненне і ім самім, і ўсім лынтупчанам.

— Родам я з Лынтупшчыны, — расказвала Людміла Антонаўна. — Закончыла Віцебскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Настаўнік хіміі, біялогіі”. Працоўную дзейнасць пачынала ў Швянчонскай сярэдняй школе. У канцы 80-ых з сям’ёй вярнулася ў Лынтупы. Атрымалася: дзе нарадзілася, там і спатрэбілася. На сваёй зямлі, сярод землякоў працаваць і лёгка, і вельмі адказна. Стараюся трымаць марку. Прызнанне вучняў і іх бацькоў — самая высокая ацэнка маёй працы.

Зайшлі ў кабінет біялогіі — і нібыта трапілі ў аранжарэю. Якіх толькі відаў кветак там няма! Усе патрабуюць догляду. І настаўніца не лічыцца з часам, песціць кожную раслінку. А як цікава і неардынарна  праводзіць урокі! Напэўна, таму і многія  вучні захапляюцца хіміяй і біялогіяй, паступаюць у медыцынскія навучальныя ўстановы, становяцца добрымі медсёстрамі, урачамі. Яны — гонар Людмілы Антонаўны. А ўвогуле, настаўніца рада сустрэчы з кожным выпускніком школы, яе цікавіць іх далейшы лёс. І шчаслівая, калі яны задаволены выбранай прафесіяй, маюць трывалыя сем’і. Работа настаўніцы заключаецца не толькі ў тым, каб закласці асновы выкладаемага прадмета, але і навучыць шчырым, спагадным адносінам да  людзей, беражлівым — да прыроды.

— Сённяшнія мае дзевяцікласнікі — вялікія аматары лыжаў і санак, — працягвала аповед Л. А. Домжа. — Таму сёлетняя зіма нам не даспадобы. Калі выбіраюцца на горку, запрашаюць і мяне. Падчас выхадаў на прыроду часценька распальваем касцёр, смажым шашлычок, п’ём чай, гутарым на розныя тэмы. Яны чамусьці навучацца ў мяне, а я — у іх, зараджуся іх маладым задорам і энтузіязмам. З нецярпеннем чакаем снегу, каб атрымаць порцыю адрэналіну.

Закончыліся зімовыя канікулы, вучні зноў селі за парты. Празвініць званок, у клас зойдзе настаўніца —і пачнецца чарговы ўрок. Для Людмілы Антонаўны самыя лепшыя тыя ўрокі, калі яна бачыць, з якой цікавасцю дзеці яе слухаюць, калі засыпаюць пытаннямі або самі робяць адкрыцці па той ці іншай тэме. Колькі іх было за час работы ў школе і колькі яшчэ будзе!

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.