Дрэва напаўняе зместам

Личности

Едзем па Старым Двары ў пошуках дома Даната Уладзіміравіча Шышко. Расказваю вадзіцелю пра тое, што гэты чалавек захапляецца разьбярствам. “Значыць, у двары павінна быць мноства розных фігурак”, — канстатуе ён. І расчароўваецца, спыніўшыся па ўказаным адрасе: дом прыгожы, але твораў рук гаспадара не бачна. Данат Уладзіміравіч потым патлумачыў: “Усё, што ствараю, — для ўнутранага аздаблення. На вялікае не замахваюся. Галоўнае, для душы”.

У дзяцінстве з равеснікамі ён часта гуляў “у вайну”. Бралі ў рукі “зброю” — палкі, а Данат выразаў сабе з дрэва аўтамат, гранаты. Сябрам таксама захацелася мець такія. Не адмовіў. Сталярству вучыўся ў дзеда, бацькі, якія былі выдатнымі будаўнікамі. Пасля школы ў адным з мінскіх вучылішчаў атрымаў спецыяльнасць слесара, затым закончыў будаўнічы тэхнікум у Бабруйску. Там пазнаёміўся з будучай жонкай. Яго Таццяна родам ажно з Краснадарскага краю. Пэўны час жылі разам з бацькамі Даната ў Дземяшах, потым атрымалі кватэру, пазней пабудавалі дом у Старым Двары. Таццяна Анатольеўна працавала ў бухгалтэрыі, Данат Уладзіміравіч — у будаўніцтве.

— Сэрца сціскаецца, калі праходжу каля недабудаваных аб’ектаў, якія ўжо развальваюцца, — гаварыў. — Асабліва балюча за школу: пачалі ўзводзіць вялікі дзіцячы комплекс, уклалі сродкі, і ўсё замарозілася. А школа туліцца ў доме былога польскага асадніка. Хоць дзякуючы дырэктару і ўсяму персаналу там цёпла, чыста і ўтульна, прэстыжней было б у сучасным будынку. Сам я ўжо 6 гадоў там працую рабочым па абслугоўванні памяшканняў. То замок адрамантую, то дзверы, то яшчэ да чаго рукі прыкладу. Работа ёсць пастаянна. Летам вольнага часу мала, бо трымаем гаспадарку, трэба нарыхтоўваць сена, даглядаць агароды. А зімой магу пазаймацца разьбой. У мінулым годзе правялі ў дом прыродны газ — адпала неабходнасць нарыхтоўваць дровы. Але ў лес час ад часу выбіраюся. Прыгледжу матэрыял для вырабаў, прынясу дадому. Калі падсохне, бяруся за ажыццяўленне задуманага.

У спрытных руках майстра з дапамогай сякеры, нажоўкі, нажа і разца з кавалкаў ліпы, бярозы, асіны, вольхі, яблыні нараджаюцца цудоўныя рэчы. А найбольш Данат Уладзіміравіч любіць жоўтую акацыю. У пакоях на сценах — фота­здымкі жонкі, сына, дачкі, унучкі ў арыгінальных рамках. Асабліва прыгожа выглядаюць тыя, што з жоўтай акацыі. Фігурнай разьбой аздоблены люстэрка, самаробныя камода і шафа. На секцыі і паліцах размясціліся птушкі, конь, лось, рыбкі, палянка апенек, самалёт, драконы.

Вырабамі самадзейнага разьбяра можна любавацца доўга. Непрыглядныя карчагі, невялікія кавалачкі пянька або тоненькія сучкі прыгодныя, здаецца, толькі для таго, каб раскласці з іх агонь, у залатых руках Даната Уладзі­міравіча ператварыліся ў арыгінальныя фігуркі і казачных персанажаў. Ідучы па лесе, ён у думках бачыць, што за кампазіцыя атрымаецца з таго ці іншага дрэва. А потым рукі ствараюць гэты вобраз. Майстар не проста апрацоўвае дрэва, а напаўняе яго зместам. Дзівосныя тварэнні, якія нараджаюцца дзякуючы  яго фантазіі, нікога не пакідаюць раўнадушным.

— У Даната Уладзіміравіча залатыя рукі і добры характар, — расказвала дырэктар Старадворскай базавай школы Алена Іванаўна Ластоўская. — З яго прыходам у школе ўсё прыведзена ў належны парадак. Ён ні хвілінкі  не можа без справы, таму пастаянна знаходзіць сабе работу. Зімой снег расчысціць, летам абкосіць траву, дапамагае ва ўсім, з чым бы ні звярнуліся. Ахвотна дорыць свае сувеніры гасцям школы, знаёмым.

У Д. У. Шышко ёсць два браты. Старэйшы працуе ўрачом у Мінску, малодшы жыве ў Старым Двары. Але дарам разьбярства валодае толькі сярэдні. Цяпер разам з ім жыве 80-гадовая мама Эдварда Фляр’янаўна. Як кажа Данатавіч, майстэрства ў нейкай ступені перадалося і ад яе, бо яна вельмі любіла вязаць, вышываць, шыць. Шмат чаго можна пачэрпнуць у інтэрнэце, многія новыя ідэі прыходзяць самі.

Натхнення Вам, майстар!

Тэкст і фота  Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.