Ім скарыўся п’едэстал

Спорт

Галоўнымі героямі спартыўных навін 2013-га сталі валейбольная каманда «Атлант-Д» і каманда юнакоў 1997 года нараджэння футбольнай акадэміі «ПМЦ-Паставы».

Другі раз запар валейбольная каманда «Атлант-Д» датэрмінова стала пераможцай першынства Рэспублікі Беларусь у першай лізе.

— Да выйгрышу мы імкнуліся, бо хто не хоча быць першым, той ім і не стане, — дзеліцца радасцю трэнер каманды Васіль Захарэвіч. —Значны ўклад у перамогу «Атланта-Д» ўнеслі Ігар Петрачэнка і Віталій Варанец. Нямала карысці камандзе прынеслі і ветэраны валейбола — Андрэй Клімюк і Вячаслаў Власаў. Яны хоць і не выходзілі на гульнявую пляцоўку, затое падтрымлівалі маральна, давалі слушныя парады. Дзякуючы падтрымцы райвыканкама ў каманды не было ніякіх праблем з фінансаваннем. Заўсёды выязджалі за дзень да гульняў, каб была магчымасць патрэніравацца, асвоіцца ў чужой спартыўнай зале.

Адметная рыса пастаўскай каманды ў тым, што ўсе валейбалісты, акрамя Сяргея Собалева, з’яўляюцца выхаванцамі мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Цяперашнім чэмпіёнам Беларусі дарогу ў вялікі спорт адкрылі трэнеры Леанід Сцяпанавіч Жук, Генадзь Ге­надзь­евіч Савосін і Мікалай Станіслававіч Рамейка.

Штогод па выніках першынства вызначаюцца тры лепшыя ігракі. Другі сезон запар лепшым пасуючым прызнаны Уладзімір Юзвовіч, а лепшым лібера — Аляксандр Зарэцкі.

Яшчэ адзін трыумф года — другое месца ў вышэйшай лізе нацыянальнага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе сярод юнакоў 1997 года нараджэння. Гэту перамогу здабылі выхаванцы футбольнай акадэміі «ПМЦ-Паставы».

— На працягу ўсёй гульні мы ішлі ачко ў ачко з «БАТЭ», але нам усё ж удалося ўзяць верх і стаць сярэбранымі прызёрамі, саступіўшы футбольнаму клубу «Мінск», — успамінае трэнер каманды Сяргей Міхайлавіч Ясінскі. — Нашы рабяты нароўні сапернічалі з лепшымі камандамі краіны і паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Гэта сведчыць пра тое, што акадэмія можа рыхтаваць канкурэнтаздольных футба­лістаў, якіх ахвотна сталі запрашаць у юнацкую зборную Беларусі па футболе.

У чэмпіянаце каманда футбольнай акадэміі «ПМЦ-Паставы» стала самай выніковай па забітых мячах. У вароты сапернікаў нашы футбалісты адправілі 93 мячы. Аляксандр Александровіч, Ілья Кухарчык і Павел Ясінскі ўвайшлі ў пяцёрку лепшых бамбардзіраў. Найлепшым прызнаны Ілья Кухарчык, які забіў 28 мячоў.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.