Навасёлы кажуць «дзякуй»

Общество

У дзяцінстве Лене падабаліся розныя прафесіі. Але выбраць якую-небудзь з іх не паспела, бо ў 17 гадоў выйшла замуж, нарадзіла дачушак-пагодкаў. І калі пасля дэкрэтнага водпуску паўстала пытанне з працаўладкаваннем, звярнулася ў былую МПМК-62, дзе працаваў муж. Яе прынялі ў брыгаду муляраў.

— Думала — часова, а аказалася — на ўсё жыццё, — расказвала брыгадзір брыгады муляраў аграбудпрадпрыемства “Рассвет Пастаўскі”, лаўрэат звання “Чалавек года Пастаўшчыны” Алена Іванаўна Букатая. — І ніколькі не шкадую. Першыя навыкі атрымала ад вопытных будаўнікоў Ларысы Аркадзьеўны Бурак і Соф’і Паўлаўны Баброўка. Яны цярпліва вучылі нас, маладых, азам сваёй прафесіі. І мы ўсё запаміналі, асвойвалі на практыцы. Як даўно гэта было!

Майстэрства прыйшло з гадамі. Цяпер Алена Іванаўна сама настаўнік для моладзі. За час работы кадры памяняліся не адзін раз: каму не ўдалося авалодаць навыкамі, хто спалохаўся цяжкасцей. Але касцяк застаўся. Цяпер у брыгадзе 8 чалавек. Жанчыны рознага ўзросту і рознага характару. І да кожнай у брыгадзіра свой падыход. Работа нялёгкая, затое як прыемна бачыць яе плён.

— Шмат увагі будаўнічай галіне надае кіраўнік дзяржавы, усе пытанні трымае на пастаянным кантролі, — гаварыла Алена Іванаўна. — І гэта правільна. Многае ў будаўніцтве з кожным годам удасканальваецца, з’яўляюцца новыя сучасныя аддзелачныя матэрыялы, з якімі прыемна працаваць. Большасць працэсаў механізаваны. Але не ўсё залежыць ад нас, будаўнікоў. Шмат праблем з фінансаваннем. А здаецца дом — і такая радасць напаўняе сэрца: шмат людзей стануць навасёламі!

Колькі аб’ектаў здадзена будаўнічым прадпрыемствам за гады работы ў ім А. І. Букатай, падлічыць цяжка. Быў перыяд, калі пастаўскіх будаўнікоў каман­дзіравалі ў іншыя вобласці рэспублікі, у Расію. З апошніх у раёне здадзены жылыя дамы па вуліцы Юбілейнай, Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. У гэтыя дні “рассветаўцы” заняты на аддзелцы 40-кватэрнага дома ў 5 гарадку.

— Апошнія тыдні года звычайна самыя напружаныя, — гаварыла А. І. Букатая. — Трэба паспець асвоіць выдзеленыя грошы. Таму стараемся ўкласціся ў запланаваныя тэрміны. А самае прыемнае, калі навасёлы кажуць “дзякуй” за працу.

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.