Паказчыкі добрыя, але ёсць і недапрацоўкі


А. У. Радзішэўскі ўручае Ганаровую грамату УУС Віцебскага аблвыканкама старшаму інспектару групы тылавога забеспячэння РАУС маёру міліцыі С. А. Лысёнку.

10 студзеня ў РАУС адбылася аператыўная нарада па падвядзенні вынікаў аператыўнаслужбовай дзейнасці аддзела ў 2013 годзе і задачах на першае паўгоддзе 2014-га. Удзел у яе рабоце прынялі намеснік начальніка ўпраўлення па кантролі за рэгістрацыйнаўліковай дысцыплінай МУС Рэспублікі Беларусь Д. Ю. Чумавіцкі, начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў упраўлення крымінальнага вышуку УУС Віцебскага аблвыканкама А. У. Радзішэўскі, намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, пракурор раёна А. А. Козіч, старшыня суда Пастаўскага раёна А. В. Карытка, начальнікі раённых аддзелаў Следчага камітэта Рэспублікі БеларусьЯ. В. Сініла і  Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз краіныВ. І. Сінкевіч, а таксама начальнік Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Беларусі Д. А. Місюк.

Начальнік РАУС А. М. Гарус расказаў, якіх вынікаў удалося дасягнуць калектыву райаддзела ў аператыўна-службовай дзейнасці ў мінулым годзе, пра поспехі і недапрацоўкі.

— У цэлым, арганізацыйныя і практычныя меры, якія прадпрымаюцца РАУС ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі і суб’ектамі прафілактыкі, дазволілі падтрымаць правапарадак, забяспечыць грамадскую і эканамічную бяспеку, абарону асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў грамадзян нашага раёна, — сказаў у прыватнасці Аляксандр Мікалаевіч. — Пачынаючы з 2010 года, на Пастаўшчыне назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння злачыннасці. Калі чатыры гады назад па ўсіх службах іх было зарэгістравана 425, то ў 2011-ым — 399, у 2012-ым — 345, а летась — толькі 295.

Ужо прыцягнуты або будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці ўсе асобы, якія нанеслі цяжкія цялесныя пашкоджанні, здзейснілі забойства, грабяжы, разбойныя напады, згвалтаванні, крымінальна-каральныя хуліганствы, махлярствы і многія іншыя злачынствы, якія маюць грамадскі рэзананс. Знізілася таксама колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку (з 23 у 2012 годзе да 16 у 2013-ым). Мае месца тэндэнцыя да зніжэння злачынстваў у грамадскіх месцах (з 49 да 43). Вялі­кая прафілактычная работа праведзена па выяўленні злачынстваў прэвентыўнай накіраванасці. У гэтай сувязі ўзбуджана 14 крымінальных спраў, 30 грамадзян накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, 5 абмежаваны ў дзеяздольнасці, 18 асуджаны да рэальнага пазбаўлення волі.

Што датычыць дарожнай бяспекі, то за мінулы год зарэгістраваны 10 уліковых дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 3 чалавекі загінулі і 7 паранены (у 2012 годзе было 17 уліковых ДТЗ, 2 чалавекі загінулі, 18 паранены). Выяўлена 208 нецвярозых вадзіцеляў, 20 з іх — паўторна. У адносінах да 856 вадзіцеляў складзены адміністрацыйныя пратаколы за перавышэнне хуткасці, 682 пешаходы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху. Станоўчыя вынікі маюцца і ў іншых падраздзяленнях і службах райаддзела. Больш падрабязна пра іх работу расказалі самі кіраўнікі, а таксама першы намеснік начальніка РАУС Д. В. Куталёў. А намеснік начальніка ўпраўлення па кантролі за рэгістрацыйна-ўліковай дысцыплінай МУС Беларусі Д. Ю. Чумавіцкі азнаёміў усіх са станам злачыннасці ў краіне ў 2013 годзе.

На фоне агульнарэспубліканскіх паказчыкаў наш аддзел выглядае даволі добра. Да гонару пастаўскіх міліцыянераў, у іх радах летась не зарэгістравана парушэнняў законнасці і адміністрацыйнага заканадаўства, не было таксама надзвычайных здарэнняў. Але ў той жа час ёсць і некаторыя недапрацоўкі. У прыватнасці, трэцюю частку ўсіх нераскрытых у мінулым годзе крадзяжоў складаюць кра­дзяжы з пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці. У параўнанні з папярэднім годам крыху павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення. Гэтыя пытанні будуць вынесены на разгляд у райвыканкаме, а ўсе заўвагі, што прагучалі на нара­дзе, улічаны ў новым комплексным плане па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў на тэрыторыі раёна.

У канцы нарады начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў упраўлення крымінальнага вышуку УУС Віцебскага аблвыканкама А. У. Радзішэўскі падзякаваў усяму асабоваму складу РАУС за службу, пажадаў здароўя, шчасця і поспехаў у далейшым. А затым разам з начальнікам райаддзела А. М. Гарусам уручыў шэрагу супрацоўнікаў Падзяку міністра ўнутраных спраў краіны, граматы, Падзякі і Дыплом упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. Некалькі чалавек удастоены грамат райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, а таксама Падзяк старшыні раённага выканаўчага камітэта. Іх уручыў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.