Сітуацыя стабілізуецца, і гэта добра

2018-2020 год — Год малой радзімы

КарэспандэнтПКгутарыць з галоўным урачом «УАЗ “Пастаўская ЦРБ” Уладзімірам Мікалаевічам ЧАКАВЫМ.

— Уладзімір Мікалаевіч, пачніце, калі ласка, са статыстыкі і пракаменціруйце некаторыя пазіцыі.

— Хоць па выніках першага квартала 2013 года ў нас быў значны рост смяротнасці, на канец года мы выйшлі на станоўчыя паказчыкі, і ўпершыню ўдалося палепшыць многія з іх. У прыватнасці, смяротнасць у працаздольным узросце паменшылася да ўзроўню 2012 года на 28 чалавек (77,2%) і склала 95 чалавек. У разліку на 1 тысячу насельніцтва гэта самы нізкі паказчык смяротнасці сярод сельскіх раёнаў вобласці і адзін з самых нізкіх па краіне. Канешне, 95 памерлых — многа, але гэта амаль у два разы менш у параўнанні з тым, што было дзесяць гадоў назад. Сітуацыя стабілізуецца, і гэта добра.

Некалькі гадоў запар мы зніжаем і агульную смяротнасць. Летась памерлі 724 чалавекі, што складае 98,8% да ўзроўню 2012 года. Адзначаецца зніжэнне смяротнасці ад хвароб сістэмы кровазвароту, органаў дыхання, мочапалавой сістэмы, ад знешніх прычын і суіцыдаў. А рост ад­значаецца па новаўтварэннях, хваробах органаў стрававання, ад атручэння алкаголем, па старасці. У структуры смяротнасці найбольшая ўдзельная вага — узрост 80 гадоў і старэй, што тлумачыцца многімі прычынамі. Хоць у гэтым кірунку ў раёне робіцца шмат. Так, у кожнай участковай бальніцы ёсць медыка-сацыяльныя ложкі, дзейнічаюць Парыжская бальніца сястрынскага догляду, аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Паставах і Лынтупах, Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, і ў гэтых установах могуць атрымліваць сацыяльную падтрымку людзі, якія маюць у гэтым патрэбу.

А ўвогуле, калі падвесці агульныя вынікі 2013 года, то варта адзначыць, што працягласць жыцця ў нас узрасла і склала 73,8 года (у мужчын — 68,3 года, у жанчын — 79,1 года), што больш чым на два гады перавышае паказчык па Віцебскай вобласці і ў цэлым па Беларусі.

— Чым такое растлумачыце?

— Гэта тлумачыцца многімі фактарамі: тут і генетыка, і экалогія адыгрываюць важную ролю, і, вядома ж, арганізацыя медыцынскай дапамогі. Канкрэтная работа праводзіцца на ўзроўні раённай улады. Пытанне дэмаграфічнай сітуацыі заслухоўваецца на аператыўных нарадах, пасяджэннях раённага выканаўчага камі­тэта, на камісіі па дэмаграфічнай бяспецы. І тут важна адзначыць, што ў цесным узаемадзеянні з ЦРБ працуюць раённыя аддзелы ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, актыўна супрацоўнічаем з аддзелам адукацыі і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

— Спыніцеся на рабоце камісіі па дэмаграфічнай бяспецы.

— Такая камісія ёсць у нас, і мы што­дзень падводзім вынікі, аналізуем сітуацыю за папярэдні дзень. Задача заключаецца не толькі ў тым, каб канстатаваць лічбы. Галоўнае — выпрацаваць стратэгію дзеянняў. Ёсць даныя на людзей, якія маюць дэкампенсаваныя формы захворванняў, і маніторынг здароўя гэтых лю­дзей мы праводзім у першую чаргу. Амаль у кожнага ўчастковага ўрача ёсць такія пацыенты. Вызначаецца ўзровень, на якім неабходна іх лячыць: у Пастаўскай ЦРБ, на міжраённым або абласным узроўнях ці праз патранажныя формы (калі па нейкай прычыне іх нельга шпіталізаваць, участковы ўрач па пэўным алгарытме вядзе агляд і лячэнне гэтых пацыентаў на даму). Кожны дзень мае намеснікі, загадчыкі райпаліклінікі і аддзялення ўрачоў агульнай практыкі, загадчык арганізацыйна-метадычнага кабінета, райпедыятр дакладваюць пра сітуацыю, якая складваецца па ўстанове, прымаем канкрэтныя рашэнні.

— Уладзімір Мікалаевіч, а як раён прырастае за кошт нараджальнасці?

— У дэмаграфічнай бяспецы і паляпшэнні паказчыкаў галоўная роля належыць нараджальнасці. У 2013 годзе ў параўнанні да папярэдняга яна павялічылася на 19 немаўлят  і склала 436 нованароджаных (104,6%). Гэта самы высокі паказчык, які наш раён меў за ўсе гады маніторынгу. І калі параўнаць з тым, што было дзесяць гадоў таму, рост склаў амаль 70%.

— Сёння набыло актуальнасць такое пытанне, як ЭКА…

— У раёне 22% сем’яў, якія хочуць мець дзяцей, але не могуць. І медыкі працуюць над вырашэннем гэтай праблемы: на амбулаторных прыёмах, накіроўваем пацыентаў у абласныя ўстановы аховы зда­роўя, больш за 50 жанчын — у рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр “Маці і дзіця”. Некаторыя жанчыны выбіраюць такую форму падтрымкі нараджальнасці, як ЭКА, і штогод 5-8 сямейных пар прахо­дзяць праз яго.

Да нядаўняга часу жаданне многіх грамадзян стрымліваў кошт лячэння. Сёлета, згодна з Указам Прэзідэнта №574 ад 27 снежня 2013 года “Аб прадастаўленні грамадзянам Рэспублікі Беларусь крэдытаў на льготных умовах для аплаты экстракарпаральнага апладнення”, “Беларусбанк” пачаў выдаваць крэдыты. Спадзяюся, што гэта зробіць многія сямейныя пары шчаслівымі, дасць ім магчымасць нарадзіць доўгачаканае дзіця, якое яны атуляць бязмежнай любоўю.

І як ні парадаксальна гэта прагучыць, а мушу сказаць: у нас ёсць сем’і, у якія немаўляты не могуць быць адпраўлены з радзільнага аддзялення з-за таго, што дома не створаны належныя ўмовы. Гэтым займаецца камісія па справах непаўналетніх, і калі становішча не выпраўляецца, дзіця можа быць накіравана ў Віцебскі дом малюткі. Сітуацыя ў праблемных сем’ях адсочваецца і падчас цяжарнасці жанчыны.

Гутарыла ГАЛІНА ПІШЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.