Сустрэліся праз 40 гадоў


Ларыса Аляксееўна Шымко і Ларыса Аляксандраўна Краўчанка  пазнаёміліся ў Бягомльскім доме-інтэрнаце, калі ім было гадоў па 10. Адна сіратой засталася ў пяць гадоў, у другой была нядобранадзейная сям’я, і таму яе ўладкавалі ў сацыяльную ўстанову. Пасябравалі паміж сабой і былі бліжэй, чым сёстры. У Паставы прыехалі заканчваць дзявяты і дзясяты класы. Тут да іх далучылася Ірына Карнілава (Ляўко). Яе бацькі сталага ўзросту жылі ў Кураполлі, а ёй вельмі хацелася атрымаць сярэднюю адукацыю, таму вымушана была вучыцца ў школе-інтэрнаце.

— Два гады вучобы праляцелі хутка. Наперадзе — самастойнае жыццё, — успамінала Ларыса Аляксандраўна. — Іру чакалі бацькі, і Ларысе было куды прытуліцца. А я адна на ўсім белым свеце. З вопраткі — сукенка і басаножкі. Яшчэ падчас вучобы закахаўся ў мяне малады настаўнік, і я рашылася на замужжа. Засталася ў Паставах, загадвала Оцкавіцкім сельскім клубам, 12 гадоў адпрацавала ў райсабесе. А потым лёс закінуў у Оршу, затым — у Магілёў. З Ірай напачатку сувязь падтрымлівалі, але з часам яна перарвалася.

— Я асталявалася ў Віцебску, — расказвала Ларыса Аляксееўна Шымко. — І калі ў маладосці на ўспаміны не хапала часу, то з узростам пацягнула ў Паставы. Гадоў дваццаць таму прыязджала, прайшлася па знаёмых сцяжынках, пабывала ў школе-інтэрнаце, спрабавала адшукаць каго з аднакласнікаў, але не атрымалася. А ўспаміны растрывожылі душу.

— Як добра, што ёсць інтэрнэт! — уключаецца ў размову Ірына Аляксандраўна Ляўко. — Зарэгістравалася ў “Аднакласніках” — і хутка пасыпаліся паведамленні.

— Мая душа пастаянна рвалася ў Паставы, — свецяцца радасцю вочы Ларысы Краўчанка. — А калі даведалася, што тут жыве Іра, то прадала ў Магілёве дом і купіла трохпакаёвую кватэру ў адным з ёй мікрараёне. Запрасілі ў госці Ларысу. Мы трэці дзень ходзім па горадзе, любуемся ім. Паставы змяніліся, сталі вельмі прыгожымі, дзе сучаснае ўдала спалучаецца з помнікамі гісторыі. Сустрэлі шмат знаёмых, нават былых выхавальнікаў і настаўнікаў. І самі нагаварыцца не можам. Упэўнены, што цяпер будзем сустракацца часцей. Праз інтэрнэт адшукалі яшчэ 12 сваіх аднакласнікаў. У наступным годзе ў мяне юбілей, запрашу ўсіх. Хоць многія жывуць вельмі далёка, на сустрэчу разлічваю.

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.