Свае, з народа, “Сваякі ”

Культура

У канцы 2013 года “армія” народных калектываў раёна папоўнілася яшчэ адным. Напярэдадні Дня работнікаў культуры гэта званне прысвоена аматарскаму тэатральнаму калектыву “Сваякі” Камайскага сельскага Дома культуры.

Драматычны гурток для дарослых пры мясцовым СДК быў створаны яшчэ ў 1995 годзе. З таго часу рэдкае мерапрыемства ў аграгарадку і навакольных вёсках абыходзіцца без ­удзельнікаў гуртка. Яны радуюць гледачоў сваім майстэрствам на святах вёсак і кірмашах, народных святах — Масленіцы, Купаллі, зажынках — і навагодніх прадстаўленнях. Паспяхова выступаюць і на абласных конкурсах і мерапрыемствах.

З 2009 года кіруе калектывам дырэктар Дома культуры Галіна Бразюль, якая з’яўляецца таксама рэжысёрам-пастаноўшчыкам усіх яго спектакляў. Тады ж, у 2009-ым, па рашэнні ўдзельнікаў гурток стаў называцца “Сваякі”. Гэта назва ўзнікла невыпадкова і звязана з імем рэлігійнага дзеяча, вядомага беларускага паэта, драматурга і публіцыста Казіміра Сваяка, які не толькі пісаў п’есы, але і ставіў іх. Сваю рэлігійную дзейнасць К. Сваяк пачынаў у камайскім касцёле, дзе спачатку служыў вікарыем, а потым быў пасвечаны ў ксяндзы.

Усведамленне таго, што ў даўнейшыя часы мясцовае насельніцтва ведала пра тэатр не па чутках, дае сілы і жаданне самадзейным артыстам праяўляць сябе ў спектаклях і іншых мерапрыемствах, дзе патрабуецца акцёрскі талент. А адкрыла яго кіраўнік калектыву ў людзях, далёкіх ад тэатральнага мастацтва прафесій і розных узростаў.

— У нас іграюць медсястра Эма Паўлава, будаўнік ААТ “Камайскі-агра” Сяргей Мароз,  ідэолаг гаспадаркі Юрый Плюта. Ёсць у складзе “Сваякоў” таксама хатнія гаспадыні, вучні школы, такія актыўныя, як Ліяна Шлег, студэнтка Алена Карыцька і, канешне ж, культработнікі Камайскага СДК і клубаў бліжэйшых вёсак, — расказвала Г. У. Бразюль. — Усяго калектыў аб’ядноўвае 15 чалавек. А яго касцяк складаюць 10 захопленых тэатрам асоб, якія пасля працоўнага дня знаходзяць у сабе сілы прыйсці на рэпетыцыі, каб забыць на некаторы час пра жыццёвыя будні і радаваць гледачоў сваім талентам.

Дарэчы, усе спектаклі аматарскага тэатральнага калектыву — а іх у рэпертуары “Сваякоў” пакуль што 5, пераважна камедыі і трагікамедыі — пастаўлены на беларускай мове. Аўтарамі п’ес з’яўляюцца не толькі вядомыя пісьменнікі Андрэй Макаёнак, Міхась Чарот, але і работнікі культуры. У прыватнасці, рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Святлана Бень, Таццяна Спаткай, сама Галіна Уладзіміраўна Бразюль. Пастаноўкі апавядаюць пра сучасную і былую беларускую вёску, яе жыхароў і ўзаемаадносіны паміж імі. А таму блізкія і зразумелыя гледачам, якія з задавальненнем прыхо­дзяць на выступленні сваіх “Сваякоў”.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.