Узяў Берлін — вярнуўся ў Гуту

Общество

Антон Канстанцінавіч Гінько 23 снежня прачнуўся рана — чакаў гасцей: як-ніяк юбілейны дзень нара­джэння. Напярэдадні атрымаў віншавальную паштоўку ад раённага савета ветэранаў і напамінак пра тое, што ў бліжэйшай перадачы раённага радыё для яго прагучыць песня. Затым да юбіляра завітаў старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Аляксей Ягоравіч Аліхвер. Ён ад сябе асабіста і ад імя сельвыканкама павіншаваў Антона Канстанцінавіча з 90-годдзем, пажадаў ба­дзёрасці, здароўя, душэўнага спакою. А таксама выканаў ганаровую місію — уручыў Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта.

— Дарагі Антон Канстанцінавіч, Ваша жыццё было напоўнена сумленнай працай, ахвярнасцю, добрымі справамі, — гаварыў А. Я. Аліхвер. —  Вы з ліку тых, хто каваў Вялікую Перамогу, хто ў пасляваенны час рупліва аднаўляў разбураную гаспадарку. Так склаліся абставіны, што закрыўся шклозавод, на якім Вы адпрацавалі шмат гадоў. Няма і большасці Вашых калег. Але пра Вас памятае мясцовая ўлада. У Гуце Вы адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за мужнасць, гераізм. Гады забіраюць сілы, але Вы застаяцеся аптымістам. Маеце светлы розум, добрую памяць. Вашы ўспаміны пра мінулае — нібыта старонкі гістарычнай кнігі.

Хутка споўніцца 70 гадоў з таго часу, калі А. К. Гінько пайшоў на фронт. Нам здаецца, што гэта было так даўно. А ветэрану — быццам учора. Узгадваў пройдзеныя кіламетры, вызваленыя гарады, баявых таварышаў. Ад успамінаў дрыжэў голас, каціліся слёзы. Мае раненні і баявыя ўзнагароды. Яшчэ адным напамінам пра суровае ліхалецце застаецца ў целе ветэрана асколак. Асабліва жорсткія баі вялі­ся на подступах да сталіцы Германіі і ў самім Берліне. Найбольшай радасцю стала вестка пра капітуляцыю Германіі.

А. К. Гінько родам з Шаркаўшчынскага раёна, а пасля Перамогі асталяваўся ў Гуце. Працаваў на шклозаводзе. Пабудаваў дом, выхаваў двух сыноў. Жонка даўно памерла, а Канстанцінавіч жыве пры сыне.

— Мае гады — маё багацце, — гаварыў Антон Канстанцінавіч. — Шкада, што яны ляцяць вельмі хутка: не паспееш азірнуцца  — пастарэў яшчэ на пяток. Толькі ўсё, што пражыў, — маё: час і вопыт, нястачы і нягоды, шчасце і радасць. Хапіла ўсяго, і я з усім справіўся. Дзякуй урачам, якія падтрымліваюць маё здароўе, асабліва І. С. Крывенька, У. В. Бяззубенку, І. Т. Васьковіч.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.