“Я нарэшце адчула сябе запатрабаванай”


“Калі сёння сонца зайшло, заўтра яно абавязкова ўзы­дзе”. Гэты выраз наша зямлячка Галіна Панкіна любіць асабліва. Яго праўдзівасць штодня пацвярджае ўласнае жыццё, дзе слёзы пастаянна чаргуюцца з усмешкамі, а на месца стратам прыходзяць новыя набыткі.

У апошні час у жыцці Галіны Міхайлаўны адбылося шмат перамен. Дакладней, яна сама іх “арганізавала”: з хутара Лазовікі (Ваўкоўскі сельсавет) пераехала жыць у Магілёўскую вобласць. Пакінуўшы тут цяжкія ўспаміны і перажыванні, пачала новае жыццё. Але ў ім па-ранейшаму ёсць месца дарагой сэрцу Пастаўшчыне, людзям, з якімі сябравала, а таксама свайму найвялікшаму захапленню — фатаграфіі.

—             Галіна Міхайлаўна, дзе прайшло Ваша дзяцінства?

—            Я нарадзілася ў сяле Іскра, што ў Саратаўскай вобласці. Туды мае бацькі, ураджэнцы Пастаўшчыны, у свой час прыехалі паднімаць цаліну. Але мне не “пайшоў” мясцовы клімат, і мы пераехалі ў Карэлію. Там прайшло ўсё маё маленства. Я і сёння ўспамінаю тыя чароўныя мясці­ны, дзе над усім пануе веліч тайгі. Мена­віта там маці і мая першая настаўніца прывілі мне любоў да прыроды, дапамаглі ўбачыць у ёй незвычайнае, патаемнае.

—             Калі вярнуліся ў Беларусь?

—            У другі клас я пайшла ўжо ў Казлоўшчынскую школу, пазней сям’я пераехала ў Навадруцк. Гэта быў такі кантраст — ва ўсім! Вельмі сумавала па тых мясці­нах. Здавалася, што мяне адарвалі ад чагосьці роднага і дарагога.

Памятаю, як цяжка было прывыкнуць да беларускай мовы. Калі ў Карэліі вучылася на “добра” і “выдатна”, то тут мая паспяховасць істотна “з’ехала” — на ўроках проста не разумела матэрыялу. Але час усё расставіў на свае месцы. І калі пасля заканчэння школы паступіла вучыцца ў Даўгаўпілскае швейнае вучылішча, мяне перапаўняў гонар за ўжо родную мне Беларусь. З якім задавальненнем чытала са сцэны вершы на беларускай мове! Як хацелася на Пастаўшчыну! Але часта прыязджаць дадому не выпадала — пастаянна была задзейнічана ў самых розных мерапрыемствах. Выступала, іграла на баяне, удзельнічала ў конкурсах. Без творчасці жыццё падавалася шэрым і сумным.

Таксама з дзяцінства захаплялася спортам — лыжамі, бегам, стральбой. Часта ўдзельнічала ў спаборніцтвах і займала прызавыя месцы.

—             Дзе працавалі пасля заканчэння вучылішча?

—            На трэцім курсе выйшла замуж і вярнулася ў Пастаўскі раён. Працавала дворнікам, прыбіральшчыцай, качагарам, брыгадзірам у меліярацыі, прадаўцом (завочна скончыла Полацкі політэхнічны тэхнікум і атрымала спецыяльнасць прадаўца-таваразнаўцы). Выбіраць не прыходзілася: падрасталі дзеці, а сядзець на шыі ў бацькоў не дазваляла сумленне. Таксама ездзіла на заробкі ў Карэлію — збірала і здавала ягады. У дзяцінстве я трызніла ідэяй вярнуцца ў гэтыя мясціны. Але калі трапіла туды праз гады, расчаравалася: ужо няма там ранейшага дабрабыту, чысціні. Толькі прырода, як і дзесяцігоддзі назад, уражвала сваёй маляўнічасцю і непаўторнасцю. Яе фатаграфавала “запоем” — па 12 плёнак за месяц расходавала.

—            Калі пачалося Ваша захапленне фатаграфіяй?

—            Яшчэ ў дзяцінстве. Шмат здымаў дзядзька, і мне вельмі падабалася за ім назіраць. А ў 1996 годзе брат падарыў мне першую ў жыцці плёнку — радасці не было мяжы! Больш свядома стала фатаграфаваць, калі з сям’ёй у 1991 годзе  пераехалі жыць на хутар Лазовікі, што побач з цяперашнім аграгарадком Парыж. Як я жартую, на Елісейскія палі (смяецца ­— аўт.). Там у мяне нарадзілася трэцяе дзіця — сын Ваня.

На хутары была вялікая гаспадарка — козы, свінні, куры, авечкі, карова, конь, яшчэ і каты з сабакамі. Яны і сталі першымі героямі маіх здымкаў. Шмат фатаграфавала дзяцей, якія заўсёды радавалі сваёй непасрэднасцю і шчырасцю.

Асэнсаванне фатаграфіі і яе каштоўнасці прыйшло пасля трагічнай смерці чатырохгадовага сыночка. Зразумела, што ў жыцці нічога не вяртаецца, і толькі здымкі могуць павярнуць час назад. Падняла ўсе ранейшыя плёнкі, напячатала кожны кадр, на якім быў мой хлопчык. І пашкадавала, што не так часта брала ў рукі фотаапарат.

—     На Вашых здымках значна больш пейзажных замалёвак, чым людзей…

—            Пасля трагедыі пераключылася на прыроду, яна стала для мяне аддушынай, лекамі. Магла гадзінамі гуляць па палях і лясах, любавацца кветкамі, па паўдня назіраць за насякомымі і фатаграфаваць, фатаграфаваць, фатаграфаваць…

Пачала ўдзельнічаць у конкурсах. Адпраўляла здымкі ў рэдакцыі “Пастаўскага краю”, часопісаў “Алеся”, “Я — мама” і іншыя. За першы год мае здымкі занялі пяць першых месцаў, за адно з іх мне падарылі люстраны фотаапарат “Кэнан”. Гэта быў сапраўдны цуд! У творчасці пачаўся новы этап — яшчэ больш насычаны і плённы. Перад ад’ездам мне нават удалося арганізаваць вялікую фотавыставу ў Парыжскім Доме культуры.

Чаму рашылі пакінуць Пастаўшчыну?

—            Па-першае, на мяне давіў цяжар успамінаў, па-другое, тут я так і не знайшла сябе ні ў прафесіі, ні ў асабістым жыцці. Таму і адважылася на такі крок, хаця зрабіць яго было вельмі няпроста.

На Магілёўшчыну паехала таму, што там жыла сяброўка, з якой у 2000 годзе пазнаёмілася ў санаторыі. Спачатку працавала брыгадзірам малочнатаварнага комплексу. Работа была цяжкая — спала па некалькі гадзін у суткі, выхадных амаль не было, але ніколі не скардзілася. На жаль, пачало падводзіць здароўе. Таму змяніла работу — уладкавалася культработнікам у Расцянскі дом-інтэрнат. Тут мяне чакала новая цікавая праца, новае акружэнне, і я нарэшце адчула сябе запатрабаванай.

—            У сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” заўважаю, што Вы час ад часу арганізуеце дабрачынныя акцыі…

—            Я вельмі хачу дарыць лю­дзям з абмежаванымі магчымасцямі радасць, але, на жаль, сродкаў і ўласных сіл на ўсё не хапае. Таму і звяртаюся да інтэрнэт-аўдыторыі з просьбай дапамагчы. Свет не без добрых людзей — няхай і нямногія, але адгукаюцца. Напрыклад, у мінулым годзе дзякуючы клічу ў сацыяльных сетках у доме-інтэрнаце адкрылі камп’ютарны клас, пастаянна збіраем цёплыя рэчы, пачастункі, ладзім канцэрты.

На Дні беларускага пісьменства ў Глыбокім пазнаёмілася з Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам. Па маёй просьбе яны прыязджалі ў інтэрнат з дабрачынным канцэртам. Якое гэта было для ўсіх свята! Хаця да апошняга не верыла, што артысты знойдуць для нас час у сваім шчыльным графіку. Яшчэ раз пераканалася ў праўдзівасці выразу “Стукайце — і вам адкрыюць”.

—            На фатаграфію час застаецца?

—            Без яе не ўяўляю свайго жыцця. Праўда, крыху змяніўся характар здымкаў — усё часцей фатаграфую людзей, рэпартажы з мерапрыемстваў, гарады, у якіх бываю. Для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі арганізавала фотагурток, які сама і вяду. Яны — асаблівыя людзі, вельмі добрыя, светлыя, як ніхто іншы, умеюць радавацца дробязям. Таму і стараюся хоць неяк расквеціць іх жыццё новымі ўражаннямі, усмешкамі. Нядаўна, напрыклад, мы ездзілі на экскурсію ў магі­лёўскі заасад. Немагчыма апі­саць, як свяціліся іх вочы, колькі пасля было абмеркаванняў у доме-інтэрнаце! Калі бачыш такія вынікі сваёй працы, з’яўляецца натхненне, нараджаюцца новыя ідэі.

Фатаграфую і для душы. Дом, у якім жыву, знаходзіцца ў надзвычай маляўнічым месцы: з аднаго боку лес, з другога — возера. У мяне ёсць магчымасць што­дзень любавацца ўзыходам і захадам сонца, гуляць на свежым паветры. А як люблю купацца! Летась купальны сезон закрыла толькі 20 лістапада.

Па-ранейшаму ўдзельнічаю ў фотаконкурсах. У адным з іх, арганізаваным часопісам “Алеся” і прысвечаным любові да Айчыны, нядаўна перамагла і выйграла ноўтбук.

—            На Пастаўшчыну прыязджаеце?

—            Не так часта, як хацелася б. Але мае думкі па-ранейшаму ў Парыжы. Памятаю ўсіх сваіх сяброў, людзей, якія мне дапамагалі. Перадаю прывітанні і шчырыя віншаванні з навагоднімі святамі Ліліі Зарэцкай, Таццяне Петух, Зінаідзе Казура, Аксане Дробышавай, Фаіне Альсевіч, Марыі Брэскай, клубу “Парыжанка”. Спа­дзяюся, што жыццё падорыць нам яшчэ шмат сустрэч.

—             Вярнуцца не плануеце?

—            Час пакажа. Праўду кажуць: калі хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы. Цяпер я жыву работай, сваімі падапечнымі, многія з якіх лічаць мяне сваёй маці. І пакуль я раблю іх шчаслівейшымі, маё жыццё мае сэнс.

 

 

 Іна СНЯЖКОВА. 

Фота з архіва Галіны ПАНКІНАЙ.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.