“Героем сябе не лічу, проста прафесію выбраў правільную”


Даведаўшыся, што электразваршчык адкрытага акцыянернага таварыства “Паставымэбля” Юрый Славусевіч Міхневіч удастоены звання “Чалавек года Віцебшчыны”, запрасіла яго да размовы. Юрый Славусевіч быў у водпуску, таму ахвотна згадзіўся прыйсці ў рэдакцыю. Гаварылі шмат пра што, але больш за ўсё — пра любоў да прафесіі.

Біяграфія звычайная. Як і сам чалавек. Нарадзіўся ў 1976 годзе. Вучыўся ў СШ №1, пасля 9 класаў паступіў у Пастаўскае прафтэхвучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасць электрагазазваршчыка. Прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Вярнуўшыся дамоў, амаль год ездзіў у Луцк-Казлоўскі — там жылі маміны бацькі, і ім трэба было дапамагаць. Потым уладкаваўся ў лес­прамгас і адпрацаваў пяць гадоў — спачатку слесарам па рамонце аўтамабіляў, пазней — з пілой у лесе. Па большыя заработкі падаўся ў Пастаўскі мэблевы цэнтр. А аднойчы даведаўся, што на заводзе патрабуецца электразваршчык. І вось ужо вясной будзе дзесяць гадоў, як працуе тут у цэху металаапрацоўкі. Сцвярджае, што адсюль — ужо нікуды.

— Усюды, дзе раней ні працаваў, стараўся, і мне было добра, але вельмі хацелася “прыкласці рукі” да прафесіі. Таму і зрабіў выбар на карысць гэтага прадпрыемства, — расказваў Ю. С. Міхневіч. — Ды і бліжэй да дома — а мы жывём па Юбілейнай. Працую электразваршчыкам на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях. Робім металічныя каркасы крэслаў, парт, варштатаў, вешалак. Зварваю іх па кандуктары. Ад нас каркасы забіраюць на пафарбоўку, затым на зборку і ўпакоўку — і ўсё, выраб гатовы, ён адпраўляецца на рэалізацыю. Іншы раз, калі бываю ў магазіне, хочацца ўзяць у рукі тое ж крэсельца. І хоць тут яны ўсе аднолькавыя, сваю работу пазнаю па… зварачных швах.

— Выходзіць, яны чымсьці адметныя? — пытаюся.

Але адказу не чую. Мой суразмоўца пачынае тлумачыць, што ў цэху пяць зварачных кабін, і кожны з пяці зваршчыкаў стараецца, каб не было браку. Ды і кантралёры яго не прапусцяць.

Сакрэт раскрыў майстар цэха Дзмітрый Пятровіч Крупадзёраў, якому я патэлефанавала потым:

— На сённяшні дзень Юрый Міхневіч — самы лепшы работнік у брыга­дзе. Калі паўстала пытанне аб вылучэнні кандыдатуры на званне “Чалавек года Віцебшчыны”, без ваганняў назваў яго прозвішча, хоць майстрам у цэху ўсяго чатыры месяцы. Але ж я ўжо дзесяць гадоў адпрацаваў тэхнолагам. І калі трэба было ўкараняць што-небудзь новае ў плане тэхналогій, звяртаўся толькі да Юрыя. Гэта дысцыплінаваны і адказны чалавек, пастаянна перавыконвае планавыя заданні, ахвотна перадае вопыт маладым работнікам, і пры ўсім гэтым вельмі сціплы.

У кожнай прафесіі,  як і ў жыцці, ёсць проза і паэзія. “Што будзённае і звычайнае, а што — узнёслае ў тых металічных каркасах? — мроілася ў галаве. — І што можа быць цікавае ў тым, што чалавек цэлую змену займаецца аднастайнай справай?” І добра, што свае думкі не паспела агучыць, бо было б няёмка перад сцвярджэннямі апантанага зваршчыка.

— Героем сябе не лічу, проста прафесію выбраў правільную, — гаварыў напрыканцы нашай размовы. — Мне падабаецца сам працэс зваркі, назіраць за тым, як з загатоўкі — кавалка звычайнай трубы — “вырастае” канкрэтная рэч. Метал ажывае, становіцца падуладны рукам чалавека. І калі бачу перад сабой каркас той жа парты і ўяўляю, як на наступным этапе яна “апранецца” ў дрэва, мяне перапаўняе гонар — дзеткі ў школе сядуць за яе. А ўсё пачалося са звычайнага паходу ў гараж сябра. Убачыў зварку, сам паспрабаваў — атрымалася. Захацелася навучыцца валодаць апаратам на прафесійнай аснове. Падаў дакументы ў прафтэхвучылішча. А калі стаў працаваць па спецыяльнасці, зразумеў: гэта менавіта тое, што трэба.

Вось такі Юрый Славусевіч Міхневіч. Чалавек-працаўнік, улюбёны ў сваю прафесію. Ён ганарыцца тым, што яго біяграфія звязана менавіта з гэтым прадпрыемствам. Цэніць калектыў і людзей, з якімі працуе побач. Памяркоўны, уважлівы і клапатлівы дома. Шчаслівы, што сям’я (жонка і двое дзяцей) падзяляе яго інтарэсы і захапленні (Юрый Славусевіч — заядлы рыбак), ва ўсім падтрымлівае.

Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.