Граніцы — не перашкода для супрацоўніцтва

Местная власть

22 студзеня Паставы наведалі прадстаўнікі пяці муніцыпалітэтаў Латвіі. У склад дэлегацыі ўвайшлі кіраўнікі трансгранічных праектаў, спецыялісты рэгіянальных самакіраванняў. Мэта іх візіту — знаёмства з турыстычнымі аб’ектамі і інфраструктурай Пастаўшчыны.

У раённым выканаўчым камітэце замежных гасцей прывіталі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Мікалаевіч Кісялёў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў. Яны расказалі пра раён і прапанавалі прагляд відэафільма пра галоўныя славутасці Пастаўшчыны. За пятнаццаць хвілін латышы паспелі віртуальна пабываць у сядзібна-паркавым ансамблі ў Лынтупах, камайскім, лучайскім, дунілавіцкім касцёлах, фальклорна-міфала­гічнай сядзібе ў Азёрках, турыстычным комплексе “Салаўіны гай”…

—            Пастаўчанам ёсць чым ганарыцца, — пракаменціравала кіраўнік дэлегацыі, старшыня латвійскага бюро Дырэктарата Еўрарэгіёна “Азёрны край”  Ілзэ Стабулніеце. — Мы з вялікім інтарэсам прыехалі ў ваш рэгіён, каб пачэрпнуць ідэі і знайсці новых партнёраў для сумесных праектаў. А пасля рэалізаваць іх з дапамогай еўрапейскіх фондаў. За трынаццаць гадоў работы Еўрарэгіёна асвоена больш за 13 мільёнаў долараў, увасоблены ў жыццё дзясяткі праграм, накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё памежных тэрыторый. Важна выступаць ініцыятарамі самых разнастайных праектаў, і яны абавязкова будуць заўважаны. А дзяржаўная граніца для гэтага не перашкода.

Гаварылася на сустрэчы і пра развіццё аграэкасядзіб. Ілзэ Стабулніеце пра гэты від прадпрымальніцкай дзейнасці ведае не па чутках: разам з мужам яна з’яўляецца ўладальніцай коннага двара, мае 120 гектараў зямлі, вялікую гаспадарку. Таму і яе, і іншых прадстаўнікоў дэлегацыі не маглі не зацікавіць аповеды пра дзейнасць на Пастаўшчыне ганчарнай сядзібы “Акарына”, кавальскай — у Трабуцішках.

У другой палове дня гасцей чакала насычаная экскурсійная праграма. Акрамя гістарычных славутасцей райцэнтра (касцёл, царква, палац Тызенгаўзаў, Дом рамёстваў), яны наведалі робатызаваны малочнатаварны комплекс “Волахі” ў ААТ “Хацілы-агра”, футбольную акадэмію пры Пастаўскім мэблевым цэнтры, а таксама аддзяленні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Гасцей уразіла ўбачанае, і яны запэўнілі, што абавязкова зноў прыедуць на Пастаўшчыну, і ўжо з канкрэтнымі прапановамі.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.