«Мне цікава меркаванне кожнага»


У дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Паставымэбля» спраў безліч, але ў перапынках паміж аддачай распараджэнняў і ўзгадненнем паставак сыравіны Сяргей Рычардавіч ЗЯМЧОНАК ахвотна расказаў аб сваёй грамадскай дзейнасці. Ён другое скліканне з’яўляецца дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў (першы раз мандат даверу атрымаў, будучы начальнікам цэха, другі — ужо дырэктарам прадпрыемства).

— Якія пытанні вырашае дэпутацкі корпус?

— Асноўная работа, якая праводзіцца на сесіях, — гэта прывядзенне абласнога бюджэту да збалансаванасці. Момант гэта адказны, таму што зацвярджэнне бюджэту напрамую звязана з работай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўнічага комплексу, прадпрымальніцкага сектара і мае сацыяльную накіраванасць. Бюджэт трэба размеркаваць такім чынам, каб усе галіны маглі нармальна функцыянаваць, а не так, каб адна квітнела, а ў іншай не ведалі, як звесці канцы з канцамі. У той жа час выдаць «усім сёстрам па завушніцах» таксама нельга. Гэта не што іншае, як распыленне грошай. Хачу адзначыць, што дзяржава дапамагае з фінансаваннем тым, хто сам робіць якія-небудзь захады для паляпшэння сітуацыі.

26-ае скліканне параўноўваю з 24-ым — тады я ўпершыню выбіраўся дэпутатам: калі напачатку 2000-ых літаральна ішла размова пра тое, як «выжыць» і выплаціць людзям заробак, то ў бюджэтах апошніх гадоў назіраецца дынаміка. Дзякуючы ста­більнасці ў эканоміцы ўдалося палепшыць работу сацыяльнай сферы.

Да прыкладу, аб’екты аховы здароўя капітальна адрамантаваны, аснашчаны самым сучасным абсталяваннем. Мяне, як і любога спажыўца медыцынскіх паслуг, гэта радуе. Таксама вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню гарадоў. У сувязі з правядзеннем «Славянскага базару» цэнтр Віцебска значна змяніўся, не пазнаць і райцэнтры, у якіх праходзілі Дні пісьменства і дажынкі. Смела можна сказаць, што палітыка пачарговага прывядзення гарадоў у парадак працуе. Фінансавыя сродкі не распыляюцца, а мэтанакіравана выкарыстоўваюцца на добраўпарадкаванне. Наступныя дажынкі пройдуць у Гарадку, і ў бюджэце было закладзена фінансаванне медустаноў горада, спартыўных аб’ектаў, капітальнага рамонту, абнаўлення фасадаў будынкаў і многага іншага. Што да Пастаў, то ў апошні час з абласнога бюджэту УП ЖКГ былі выдзелены сродкі на закупку і ўстаноўку труб з цеплаізаляцыяй і катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, мадэрнізуецца кінатэатр, вырашаецца пытанне аб фінансаванні будаўніцтва гарадской лазні.

Як часта дэпутаты збіраюцца разам?

— Па законе дэпутаты павінны збірацца не радзей за адзін раз у квартал, але фактычна сесіі праходзяць штомесяц. На рэспубліканскім узроўні прымаецца мноства рашэнняў, якія неабходна замацоўваць на месцах, таму так многа нечарговых сесій.

З якімі пытаннямі да Вас звяртаюцца людзі?

— Прыёмныя дні ў мяне — кожныя серада і пятніца. У асноўным па дапамогу звяртаюцца работнікі нашага прадпрыемства і члены іх сем’яў. Прасілі аказаць фінансавую падтрымку некаторыя агульнаадукацыйныя школы горада, касцёл і царква, Полацкая епархія. Падшэфнаму сельгаспрадпрыемству дапамагаем грашыма, мэбляй, спецвопраткай. Былі звароты па рамонце вулічнага асвятлення, падсыпцы дарог, юрыдычнага характару, не раз узнімалася пытанне аб газіфікацыі гарадскога пасёлка Варапаева, у прыватнасці па праходзе газаправода праз чыгунку. Каб вырашыць тую ці іншую праблему, у дэпутата няма ніякіх рычагоў і спецыяльнага грашовага фонду. Пасадзейнічаць ён можа толькі пры дапамозе свайго аўтарытэту, настойлівасці і ведання законаў.

Якімі прынцыпамі Вы кіруецеся ў рабоце з людзьмі?

— Імкнуся дапамагчы кожнаму, бо часам чалавеку проста немагчыма самастойна разабрацца. Разам з тым, мяне заўсёды здзіўляюць людзі, якія імкнуцца жыць за чыйсьці кошт. Колькі ім ні дапамагай, усё роўна застанешся павінен. І прыкладаў такіх мноства. Вось адзін з іх. Прыйшла да мяне жанчына і са слязамі на вачах пачала расказваць, што ў яе няма грошай, каб заправіць машыну. У такіх выпадках заўсёды ўспамінаю ўласную маладосць, калі нават і ў думках не было ездзіць на працу на машыне. Хадзіў пешшу, меў вялікую гаспадарку — рабіў усё магчымае, каб мая на той момант маладая сям’я ні ў чым не мела патрэбы.

Чыім меркаваннем даражыце?

— Мне цікава меркаванне кожнага. Больш за тое, магу з упэўненасцю сказаць, што ўсе мае поспехі грунтуюцца менавіта на гэтым прынцыпе,  таму што заўсёды з цікавасцю і павагай выслухоўваю розныя пункты гледжання і, толькі прааналізаваўшы ўсе «за» і «супраць», прымаю рашэнне.

Як адбіваецца дэпутацкая работа на асноўнай?

— Хоць дэпутацкая дзейнасць і забірае шмат часу, на асноўнай яна адбіваецца толькі станоўча. Паездкі на сесію заўсёды сумяшчаю з рашэннем заводскіх пытанняў: займаюся перагаворамі, фінансавымі праблемамі і г.д. На сесіях у ліку першых даведваюся пра будаўніцтва новых школ і дзіцячых садкоў, імкнуся выкарыстоўваць гэту інфармацыю з выгадай для свайго прадпрыемства. Акрамя гэтага, дэпутацкая дзейнасць дае ўнікальную магчымасць завязваць знаёмствы, напрацоўваць сувязі.

Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.