«Нам трэба прыспешваць у рабоце»

Экономика

Прайшлі амаль два месяцы пасля таго, як Пастаўскі льнозавод наведалі Прэмерміністр краіны Міхаіл Мясніковіч, іншыя афіцыйныя асобы міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, Віцебскага аблвыканкама. Перад генеральным падрадчыкам, якім зяўляецца філіял БУ-126 Наваполацкага будаўнічамантажнага трэста №16, і кіраўніцтвам прадпрыемства была пастаўлена задача да сакавіка 2014 года завяршыць будаўнічыя работы з тым разлікам, каб пачаць мантаж абсталявання. Будаўнікі робяць усё для таго, каб з ёй справіцца.

Пасля таго як быў завершаны мантаж сцен і даху, вытворчы цэх набыў выразны знешні выгляд. Цяпер асноўныя работы вядуцца ўнутры памяшкання. З аднаго боку ў ім размесцяцца сыравінны тамбур, абсталяванне для размоткі і падачы трасты, дзве сушылкі, лініі па вытворчасці доўгага і кароткага валакна, склад гатовай прадукцыі, з другога — бытавыя пакоі і санітарны вузел, участак брыкетавання кастрыцы, цеплавы пункт, будуць абсталяваны іншыя дапаможныя памяшканні. Пад большасць з іх ужо ўкладзены ўнутраныя фундаменты, і вядзецца кладка сцен. Асабліва вялікі аб’ём работы выканала брыгада Віктара Ігнатовіча, якая рыхтуе фундаменты  пад асноўнае абсталяванне.

— Цяпер кожны дзень толькі нашых будаўнікоў на аб’екце занята больш за сорак чалавек, — адзначыў прараб Вадзім Бохан. —  Акрамя таго, кладку сцен вядуць рабочыя АБП “Рассвет Пастаўскі”. Вялікі аб’ём работ па пракладцы інжынерных камунікацый і іншых сетак трэба выканаць спецыялістам Глыбоцкай СПМК №26. Будуць задзейнічаны і іншыя спецыялізаваныя арганізацыі вобласці. І хаця цяпер практычна ніякіх затрымак няма, усім нам трэба прыспешваць у рабоце.

Дырэктар ільнозавода Пётр Скурко расказаў, што ход будаўніцтва новага цэха рэгулярна разглядаецца на пасяджэннях штаба з удзелам прадстаўнікоў усіх зацікаўленых бакоў. Прадпрыемства цалкам разлічылася з будаўнікамі за раней выкананы аб’ём работ. Затрымак з фінансаваннем няма і ў новым годзе, як і прэтэнзій да новапалачан.  Тым не менш час бяжыць імкліва, набліжаючы дзень, калі бельгійскія спецыялісты разам з супрацоўнікамі Мінскага навукова-практычнага цэнтра прыступяць да мантажу абсталявання. Дарэчы, для яго дастаўкі з-за мяжы спатрэбілася  больш за дзесяць аўтамабільных фургонаў. А гэта гаворыць пра тое, што работа па зборцы ліній і абсталяванні іншых участкаў будзе аб’ёмная і адказная. Для таго, каб у ёй нічога не замінала, 132-метровы модуль з завершанымі будаўнічымі і іншымі работамі генпадрадчык і субпадрадчыкі павінны здаць у тэрмін.

Увогуле, спраў будаўнікам хапае. Акрамя асноўнага вытворчага аб’екта, яны павінны пабудаваць тры шахі для захоўвання трасты (работа ўжо выканана напалову). На чарзе — кацельня, лабараторыя, уцяпленне адміністрацыйнага памяшкання, добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.