Не забыць тых падзей


15 лютага 1989 года апошні батальён абмежаванага кантынгенту Савецкай Арміі быў выведзены з Афганістана, але па­дзеі афганскай вайны яшчэ доўга будуць хваляваць ваенных, вучоных-гісторыкаў, палітыкаў, грамадзянскае насельніцтва. Пасля Вялікай Айчыннай вайна ў Афганістане стала найбольш драматычнай старонкай з удзелам савецкіх салдат і афіцэраў. 

Прайшлі праз афганскае пекла і многія ўраджэнцы нашага раёна, а таксама ваеннаслужачыя-авіятары. Зараз яны аб’яднаны ў раённую арганізацыю “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, якой сёлета споўніцца дзесяць гадоў. Цяпер у арганізацыі каля 150 чалавек, і яна з’яўляецца адной з самых масавых на Віцебшчыне. На працягу сямі гадоў грамадскае аб’яднанне ўзначальваў ардэнаносец падпалкоўнік запасу Анатолій Ва­сільевіч Голад. Апошнія тры гады гэтыя абавязкі выконваю я. Вельмі ўдзячны за актыўную дапамогу ў вырашэнні розных арганізацыйных і жыццёвых пытанняў Аляксандру Іванавічу Пешчаранкову, Рамуальду Іванавічу Штуру, Віктару Іванавічу Сталярэнку, іншым ветэранам-“афганцам”.

Пры падтрымцы мясцовай улады, раённага ваеннага камі­сарыята на Пастаўшчыне шмат зроблена і робіцца для таго, каб не забываліся падзеі той вайны. У 2006 годзе ў адным з маляўнічых месцаў горада закла­дзены сквер і ўстаноўлены помнік загінулым землякам — воінам-інтэрнацыяналістам. Цяпер тут разгорнута і экспазіцыя баявой ваеннай тэхнікі: бронетранспарцёр, машыны пяхоты і дэсанта, пушка, верталёт “МІ-8”. Гэта месца стала адным з самых памятных у гора­дзе. Тут адбываюцца традыцыйныя сустрэчы “афганцаў”, праходзяць экскурсіі, спыняюцца вясельныя картэжы. Шмат дарослых і дзяцей бывае ў выхадныя і святочныя дні.

Удзельнікі баёў у Афганістане — частыя госці ў школах. Асабліва шануюць іх памяць у музеі баявой і працоўнай славы СШ №2. Вельмі каштоўным не толькі для воінаў-«афганцаў», але і для ўсіх, каго цікавяць падзеі таго часу, стане інтэрнэт-рэсурс, распрацаваны да 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана і прысвечаны воінам-«афганцам» Ві­цебшчыны. Ён размешчаны на сайце Віцебскай абласной біб­ліятэкі імя У. І. Леніна і пачне дзейнічаць з 15 лютага. У базе даных краязнаўчай накіраванасці ёсць і матэрыялы, якія расказваюць пра нашу раённую арганізацыю.

Па-рознаму складваецца лёс воінаў-інтэрнацыяналістаў. Многія з іх прадаўжаюць працаваць, актыўна ўдзельнічаюць у ваенна-патрыятычнай рабоце. Савет раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане імкнецца да таго, каб “афганцы” Пастаўшчыны былі актыўнымі ва ўсім. Хочацца пажадаць кожнаму здароўя, сямейнага і асабістага шчасця, усяго самага найлепшага ў жыцці.

В. ЛУШЧЫК, старшыня раённай арганізацыі

 “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.