Працягнуць руку дапамогі кожнаму


У апошнія гады ў Беларусі робіцца ўсё для таго, каб пажылыя не сутыкаліся з праблемай адзінокай старасці. Толькі ў нашым раёне, у Паставах і ў Лынтупах, адкрыты два аддзяленні кругласутачнага знаходжання для састарэлых людзей, яшчэ большай папулярнасцю карыстаюцца медыка-сацыяльныя ложкі ва ўстановах аховы здароўя раёна.

— Упершыню медыка-сацыяльныя ложкі ў Пастаўскім раёне з’явіліся каля дзесяці гадоў назад. Зараз яны ёсць у чатырох структурных падраздзяленнях установы аховы здароўя «Пастаўская ЦРБ»: Лынтупскай, Камайскай, Дунілавіцкай і Варапаеўскай бальніцах, — адзначыла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Людміла Васільеўна Сямёнава. — Усяго ў раёне дзейнічаюць 37 медыка-сацыяльных ложкаў. Яны прызначаны для адзінокіх пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў медыцынскім назіранні і кваліфікаваным доглядзе, пры адсутнасці паказанняў да інтэнсіўнага лячэння. У асноўным гэта людзі, якія перанеслі інсульт і ў якіх няма рэабілітацыйнага патэнцыялу, хворыя з пераломам шыйкі сцягна і іншыя адзінокія старыя. Усе, хто займае медыка-сацыяльныя ложкі, атрымліваюць агульнаўмацавальную і падтрымліваючую тэрапію. Акрамя медыка-сацыяльных ложкаў, яшчэ 15 месцаў адкрыта ў Парыжскай бальніцы сястрынскага догляду. Галоўнае яе адрозненне заключаецца ў тым, што тут знаходзяцца ў асноўным ляжачыя хворыя, якія маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе, у той жа час пры неабходнасці ім аказваецца медыцынская дапамога.

Сацыяльныя ложкі і месцы ў бальніцы сястрынскага догляду карыстаюцца пастаянным попытам. Для ўсіх жадаючых іх, на жаль, не хапае. Каб не пакідаць у маразы старых сам-насам, колькасць сацыяльных ложкаў загадам галоўнага ўрача раёна павялічваецца яшчэ на 15.

Для таго, каб уладкавацца на сацыяльны ложак, чалавеку неабходна напісаць заяву на імя загадчыка бальніцай, выбраць даведку аб стане здароўя, памеры пенсіі і заключыць дагавор з бальніцай. Знаходжанне на медыка-сацыяльных ложках і ў бальніцы сястрынскага догляду платнае. Штомесяц у такіх «кватарантаў» адлічваюць 80% пенсіі. Гэтыя грошы ідуць у бюджэт раёна. У выпадку пагаршэння стану пажылыя людзі пераводзяцца з платных на бясплатныя абслугоўванне і лячэнне. Калі казаць пра тэрміны знахо­джання на сацыяльных ложках, то яны разлічаны на тры месяцы, але фактычна атрымліваецца так, што многія пажылыя людзі знаходзяцца на іх намнога даўжэй. Паслуга настолькі папулярная, што сёння з 67-і ложкаў не пустуе ні адзін.

Зіма — небяспечны час не толькі для пажылых людзей, але і для асоб без пэўнага месца жыхарства. Сумесна з міліцыяй праводзіцца пастаянная работа па іх выяўленні: абследуюцца падвалы, гарышчы і іншыя непрыстасаваныя для жылля месцы. Калі такіх людзей знахо­дзяць, то ў прымусовым парадку шпіталізуюць у інфекцыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Тут яны праходзяць санапрацоўку і поўнае медыцынскае абследаванне. Пры адсутнасці паталогіі яны на зімовы перыяд пераводзяцца ў лячэбныя ўстановы раёна.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.