Праваахоўнікам ёсць над чым працаваць

Местная власть

На студзеньскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне “Аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна за 2013 год і задачах па прафілактыцы правапарушэнняў у адпаведнасці з Праграмай па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2013—2015 гады”. У яго абмеркаванні прынялі ўдзел начальнік аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Віцебскай вобласці Н. М. Грынкевіч і начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў упраўлення крымінальнага вышуку УУС Віцебскага аблвыканкама А. У. Радзішэўскі.

З інфармацыяй выступілі пракурор раёна А. А. Козіч і начальнік райаддзела міліцыі А. М. Гарус. Заслуханы тлумачэнні шэрага кіраўнікоў працоўных калектываў і старшынь сельвыканкамаў.

Праваахоўнікі ва ўзаемадзеянні з органамі дзяржаўнай улады і кіравання, іншымі суб’ектамі прафілактыкі дабіліся ў мінулым годзе станоўчых вынікаў па многіх напрамках сваёй дзейнасці. Па лініі ўсіх службаў у раёне зарэгістравана 295 злачынстваў, што на 14,5% менш, чым у 2012 годзе. Узровень злачыннасці на 10 тысяч насель­ніцтва склаў 78,7 злачынства (па Віцебскай вобласці — 98,5). Знізілася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў (20 супраць 29-і ў 2012-ым). Ніжэйшы за сярэднеабласны ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці. З дзесяці ў 2012-ым да васьмі ў 2013-ым знізілася колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналет­німі.

Аднак праваахоўным органам раёна ёсць над чым працаваць. Нізкая раскрывальнасць злачынстваў (па раёне 59,7%, па вобласці — 65,9%), у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку — адпаведна 54,7% і 55,7%. Адбыўся рост колькасці рэгіструемых злачынстваў на тэрыторыях Казлоўшчынскага, Курапольскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. У агульнай структуры злачыннасці пераважаюць крадзяжы (57,3%). Найбольшая іх колькасць здзейснена ў Варапаеўскім, Камайскім, Лынтупскім, Казлоўшчынскім, Курапольскім сельсаветах. Актуальнымі застаюцца пытанні забеспячэння захаванасці ўласнасці на падведамных аб’ектах сельгасарганізацый, выканання патрабаванняў заканадаўства аб забеспячэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны.

Па абмеркаваным пытанні прынята разгорнутае рашэнне, якое абавязвае як праваахоўныя органы, так і ўсе суб’екты прафілактыкі яшчэ больш актывізаваць работу па захаванні законнасці і ўмацаванні правапарадку на тэрыторыі раёна.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.