Пяць талентаў на ніве адукацыі

Образование

Т. А. Данілевіч, Г. Г. Іжмайловіч, Н. М. Сіманька, Т. Г. Пархімовіч, Н. С. Мілта.

На мінулым тыдні ў СШ №1 г. Паставы адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў раённага этапа конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.tc «На мінулым тыдні ў СШ №1 г. Паставы адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў раённага этапа конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.»

Гэты конкурс ладзіцца ў краіне не адзін дзясятак гадоў. Але ў адрозненне ад папярэдніх галоўнай асаблівасцю сёлетняга спаборніцтва стала ўвядзенне ў яго сямі прадметных намінацый: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Замежная мова”, “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”, “Пачатковыя класы”, “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія” і “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Старт конкурсу быў дадзены ў лістападзе 2013-га.

У першым яго этапе, які праводзіўся ва ўстановах адукацыі, на Пастаўшчыне прынялі ўдзел больш за 150 педагогаў. З іх у наступны, раённы, выйшлі 22 удзель­нікі па пяці намінацыях з 19 навучальных устаноў: з усіх школ і дзіцячых садоў горада, Пастаўскай гімназіі, Навасёлкаўскай, Гуцкай, Камайскай, Варапаеўскай СШ, Дунілавіцкай, Лынтупскай ясляў-сада-сярэдніх школ, Палескай і Ляхаўшчынскай ясляў-сада-базавых школ. Яны спаборнічалі ў чатырох конкурсных мерапрыемствах, два з якіх былі завочныя і два — публічныя. Настаўнікам школ і выхавальнікам дзіцячых садоў трэба было напісаць вопыт па тэме “Навучаючы, я выхоўваю…”, падрыхтаваць праект урока або занятка, звязанага з гэтай тэмай, прадставіць сябе членам журы не проста як асобу, а як настаўніка (выхавальніка), прадэманстраваўшы сваё педагагічнае крэда, а таксама даць урок (занятак) у незнаёмым класе (групе дзіцячага сада).

З усімі заданнямі канкурсанты, сярод якіх быў адзіны мужчына — настаўнік англійскай мовы СШ №4 І. В. Бабчынскі, — справілі­ся паспяхова, даказаўшы, што яны невыпадковыя людзі ў педагогіцы, маюць і неабходныя веды, і вопыт, і педагагічны талент. Амаль ва ўсіх стаж работы ў школе або дзіцячым садку — больш за 10 гадоў, пры гэтым сярэдні ўзрост удзельнікаў — каля 35 гадоў.

Віншуючы фіналістаў з заканчэннем складанага выпрабавання, начальнік аддзела адукацыі, фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын адзначыў, што ўсе канкурсанты — выдатныя педагогі, бліскуча валодаюць сваімі прадметамі, карыстаюцца аўтарытэтам у дзяцей і дарослых. І, выйшаўшы на сцэну, яны прадэманстравалі не толькі гэта, але і артыстычныя, літаратурныя, акцёрскія здольнасці. Аляксандр Яўгенавіч падзякаваў фіналістам за мужнасць, талент, веды, за тое, што ўзялі на сябе адказнасць абараніць аўтарытэт тых навучальных устаноў, дзе працуюць. А затым ён уручыў Ганаровыя граматы аддзела пераможцам конкурсу. Імі сталі: у намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” — настаўніца роднай мовы СШ №1 Галіна Гжэславаўна Іжмайловіч, “Замежная мова” — выкладчыца англійскай мовы з гэтай жа школы Таццяна Генадзьеўна Пархімовіч, “Пачатковыя класы” — прадстаўніца СШ №2 Наталія Мікалаеўна Сіманька, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія” — настаўніца хіміі з СШ №4 Таццяна Ананьеўна Данілевіч, “Выхавальнік дашкольнай установы” — Наталля Станіславаўна Мілта з гарадскіх ясляў-сада №4.

Разам з граматамі педагогі атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі, кветкі ад сваіх калег па навучальных установах. Граматы і кветкі ўручылі і астатнім фіналістам конкурсу. Падарыць ім святочны настрой дапамаглі таксама вучні першай і пятай гарадскіх школ, удзельнікі танцавальных калектываў “Непаседы” і “Скайданс” раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якія выступілі з невялікім канцэртам.

Цяпер пераможцы  рыхтуюць матэрыялы для ўдзелу у абласным этапе конкурсу. Там спектр мерапрыемстваў яшчэ шырэйшы. Акрамя іншых, ён уключае ў сябе відэаўрок, партфоліа, майстар-клас. Таму пастаўчанкам трэба будзе вельмі пастарацца, каб трапіць у фінал.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.