Убачыце ў «лічбе»


На днях у рэдакцыю газеты звярнуўся жыхар вуліцы Камарова, што ў райцэнтры. Мужчына прасіў растлумачыць, чаму ў апошні час на тэлеканале «Беларусь-2» у яго зніклі абласныя перадачы, хаця ў праграме яны значацца.

Паслугамі кабельных аператараў чалавек не карыстаецца. Пры дапамозе звычайнай антэны яму быў даступны прагляд чатырох каналаў. Але паколькі ў нашай краіне ажыццяўляецца Дзяржаўная праграма па ўкараненні лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання (завяршыць яе Беларусь, як і іншыя краіны, павінна да 17 ліпеня 2015 года), мужчына вырашыў не адкладваць пераход на «лічбу» на доўгі час. Месяц назад купіў лічбавы цюнар, з дапамогай якога мадэрнізаваў стары тэлевізар. Вынік перасягнуў усе чаканні: значна палепшылася якасць «карцінкі», павялічылася колькасць каналаў (замест чатырох іх стала восем). Аднак зніклі любімыя перадачы «Желаю Вам…», «Вяскоўцы» і іншыя.

Каб высветліць сітуацыю, мы звярнуліся на радыётэлевізійную перадаючую станцыю «Целякі» Мядзельскага раёна, якая забяспечвае сігналам тую частку Пастаў, у якой пражывае грамадзянін. Нам растлумачылі, што, паколькі рэтранслятар знаходзіцца на мяжы абласцей, то аналагавы пакет перадачы «Беларусь-2+Віцебск» паступае да іх з Віцебска. Трансліруецца ён не толькі на тэрыторыі нашай вобласці, але і ў Мядзеле. Што да аналагічнага пакета перадачы ў лічбавым фармаце, то на дадзеную РТПС ён не паступае. Аднак хвалявацца аматарам тэлеперадач абласнога ТБ не варта — глядзець «Беларусь-2+Віцебск» яны змогуць і ў лічбавым фармаце. Для гэтага неабходна падключыцца ў «Белтэлекаме» да пакета інтэрактыўнага тэлебачання ZALA. Каб стаць абанентам, не трэба ўстанаўліваць ніякіх антэн і набываць дадатковае абсталяванне. Пры дапамозе спецыялізаванай прыстаўкі, якая ўстанаўліваецца на тэлефонную лінію, можна прымаць некалькі дзясяткаў каналаў. Абанент можа «прыпыніць» перадачу (футбольны матч, фільм і г.д.), зрабіць неабходную паўзу або перапынак, праглядзець перадачу, якая ўжо прайшла, ці запісаць у сваю «ячэйку», а потым глядзець яе неабмежаваную колькасць разоў.

Падключыць тэлебачанне можна ў рамках пакета паслуг, якія дазваляюць абаненту выбраць найбольш цікавыя і сэканоміць на аплаце. Напрыклад, у пакет «Універсал» уключаны інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA, высокаскорасны безлімітны інтэрнэт, 1000 хвілін званкоў па мясцовай тэлефоннай сетцы і 500 хвілін па Беларусі. Пакет тэлеканалаў «Проста ТБ» уключае 49 каналаў (абаненцкая плата — 36900 рублёў). Кошт пакета «Прэм’­ера» складае 52350 рублёў.

Для таго, каб падключыць тэлебачанне ZALA, трэба звярнуцца ў Пастаўскі РВЭС па вуліцы Камунальнай, 4а. Кантактныя тэлефоны: 2-04-00, 2-05-00.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.