Вызначылі мацнейшых

Спорт

22 лютага адбыліся фінальныя турніры па шашках “64” сярод школьнікаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел усе мацнейшыя на да­дзены момант ігракі розных узростаў.

Сярод хлопчыкаў па-за канкурэнцыяй былі шашысты з Гуты і СШ №2. Яны нікога не прапусцілі ні на п’едэстал, ні ў шасцёрку мацнейшых. Чэмпіёнам раёна стаў пяцікласнік СШ №2 Мацвей Хаткевіч, які ўжо добра зарэкамендаваў сябе на абласным узроўні. Толькі па каэфіцыенце саступіў яму сярэбраны прызёр — адзінаццацікласнік Гуцкай СШ Мікіта Зубовіч. На трэцім месцы — шасцікласнік Міхаіл Пракаповіч (СШ №2). Акрамя прызёраў, моцную гульню прадэманстравалі Міхаіл Кейзік і Сцяпан Януш з Гуты, Данііл Крывенькі з СШ №2.

Неверагодна ўпартая барацьба разгарнулася сярод школьніц. Адразу некалькі шашыстак прэтэндавалі на прызавыя месцы, і ўсё вырашылася толькі пасля заканчэння апошняй партыі. Прыемнай сенсацыяй стала перамога прадстаўніцы Камайскай СШ Карыны Медневай. Яна апярэдзіла больш вопытных Лену Вітко (гімназія) і Вікторыю Татарчук (СШ №2), якія разам з Анаста­сіяй Качаноўскай (гімназія) набралі аднолькавую колькасць балаў, таму парадак прызавых месцаў вызначыў каэфіцыент. Добрыя вынікі паказалі Жэня Ліпская (СШ №1) і Насця Патапас (СШ №5).

Прыемна адзначыць, што ў адрозненне ад мінулага года ў сёлетнім турніры выдатна праявілі сябе менавіта ігракі малодшага ўзросту, што дае падставу з перспектывай глядзець у будучыню і спадзявацца на поспехі на абласным узроўні. Усе пераможцы ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і салодкімі прызамі ад аддзела адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

23 лютага завяршылася адкрытае першынство раёна па шашках “64” сярод мужчын. Турнір праводзіўся ў 9 тураў па кругавой сістэме. Найбольш роўна выступіў мінулагодні чэм­піён — настаўнік гісторыі СШ №2 І. П. Троцкі. Паколькі турнір быў адкрыты, то ў ім бралі ўдзел прадстаўнікі і іншых раёнаў. І толькі Барыс Хадкевіч з Шаркаўшчыны здолеў прабіцца ў вышэйшую лігу. Годна выступіў ён і ў фінале, дзе перамог сваіх асноўных сапернікаў і заняў другое месца. На трэцім замацаваўся вопытны Ула­дзімір Халдзей з Варапаева. Акрамя прызёраў, у пяцёрку мацнейшых трапілі работнік ПМЦ Віктар Матошка і ляснічы Варапаеўскага лясніцтва Анатоль Сапрончык, што дае ім права на наступны год без адборачнага турніру выступіць у фінале.

Чарговыя спаборніцтвы шашыстаў, якія плануецца правесці ў нашым раёне, — адкрытае першынство Варапаева. Пра ўмовы яго правядзення ўсе жадаючыя могуць даведацца, патэлефанаваўшы Уладзіміру Эдмундавічу Халдзею на нумар +37292921648.

І. ПАЎЛАЎ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.