Захоўваюць непарушнае братэрства (+фота)

Местная власть

15 лютага споўнілася 25 гадоў, як савецкія войскі былі выведзены з Афга­ністана. У Рэспубліцы Беларусь гэты дзень стаў Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сёлета ён адзначаўся асабліва шырока. 

Напярэдадні прадстаў­нікі райвыканкама і райваенкамата наведалі магілы загінулых воінаў-землякоў: капітана Радзівона Мішуты, яфрэйтара Міхаіла Лапко, радавых Аляксандра Урбеля і Сяргея Галяка, — і разам з іх роднымі і старшынямі мясцовых Саветаў усклалі да помнікаў вянкі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

Дэлегацыя былых “афганцаў”-пастаўчан прыняла ўдзел у вечары, які прайшоў у Віцебску. Ва ўрачыстай абстаноўцы сярод іншых Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў  быў узнагароджаны член савета Пастаўскай раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандр Іванавіч Пешчаранкоў.

У Паставах урачыстыя мерапрыемствы пачаліся на Алеі воінскай славы, дзе ўстаноўлены помнік воінам-інтэрнацыяналістам і створана экспазіцыя ваеннай тэхнікі.

На мітынгу, які адбыўся тут, прысутнічалі кіраўніцтва раёна, больш за 80 “афганцаў”, родныя загінулых воінаў-землякоў, ваеннаслужачыя  Пастаўскага гарнізона, вучні і настаўнікі СШ №2, прадстаўнікі працоўных калектываў.  Іх віталі раённы ваенны камісар Ю. В. Мільто, удзельнік афганскай вайны В. І. Сталярэнка. Да помніка былі ўскладзены вянкі і кветкі. Прысутныя мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых на той вайне, “афганцаў”, якія не дажылі да сённяшняга дня.  Прагучаў зброевы залп.

Затым сустрэча прадоўжылася ў раённым Доме культуры. Пачалася яна з паказу відэафільма пастаўскіх тэлежурналістаў, прысвечанага 25-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Хвалюючыя, поўныя праўды дакументальныя кадры чаргавалі­ся з такімі ж усхваляванымі расказамі пра ўра­джэнцаў Пастаўшчыны, якія загінулі на афганскай вайне, успамінамі яе ўдзельнікаў —  афіцэраў Юрыя Вацлававіча Каравацкага і Станіслава Ігнатавіча Раманчука.

Прысутных віталі старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў, старшыня раённай аргані­зацыі грамадскага  аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” В. А. Лушчык, атаман Пастаўскага казацкага аддзела вайсковы старшына А. М. Зазулін. В. С. Гутараў уручыў Ганаровыя граматы і Падзякі райвыканкама былым “афганцам”, актыўным удзельнікам ваенна-патрыятычнай работы сярод моладзі — В. І. Сталярэнку, Т. А. Міралаву, В. А. Лушчыку, В. Ф. Артамонаву, Р. І. Штуру. Былыя і сённяшнія заслугі А. А. Палтаржыцкага і Ю. А. Бірука адзначаны нагруднымі знакамі “20 гадоў грамадкаму аб’яднанню “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. А кіраўніку раённай арганізацыі “афганцаў”  В. А. Лушчыку ў гэты дзень уручылі новыя пагоны — загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь яму прысвоена чарговае званне — падпалкоўнік запасу.

Змястоўнымі, напоўненымі болем страт і радасцю жыцця, кахання,  атрымаліся выступленні дарослых і юных удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, народнага хору ветэранаў вайны і працы, раённага ваенна-патрыятычнага клуба “Азімут”. Яны, як і відэафільм, вярталі “афганцаў” у маладосць, славілі жыццё, пацвярджалі, што нашы землякі, як і тысячы савецкіх салдат, годна выканалі свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак, свята захоўваюць сваё баявое братэрства.

 Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.