Ад Меліярацыйнай да Вакзальнай


Для галасавання па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 27-га склікання рашэннем раённага выканаўчага камітэта было створана 37 участкаў. Адзін з іх — участак №7 — размяшчаўся ў памяшканні СШ №2. У параўнанні з папярэднімі выбарамі яго граніцы ў межах горада прыкметна пашырыліся.

— У склад участка дадаткова ўвайшлі вуліцы Вакзальная, частка Чырвонаармейскай, Набярэжная, Якуба Коласа і Янкі Купалы з аднайменным завулкам, — расказваў старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, дырэктар школы  І. А. Мадвейка. — Колькасць выбар­шчыкаў узрасла на 700 чалавек. Для нас гэтыя абставіны сталі галоўнай асаблівасцю сёлетніх выбараў і вымусілі больш адказна і настойліва папрацаваць з тымі, хто ўпершыню павінен быў галасаваць на ўчастку. Лічу, што са сваёй задачай камісія справілася. За пяць дзён датэрміновага галасавання свой грамадзянскі абавязак выканаў 441 чалавек, а ўсяго ў выбарах удзельнічала 1489 чалавек. З іх ліку больш за 100 жыхароў прагаласавалі ў нядзелю на даму. У  адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, іх наведалі члены ўчастковай выбарчай камісіі Анатолій Свірковіч і Аляксей Петухоў.

Выбары на ўчастку праходзілі ў спакойнай абстаноўцы, што ў немалаважнай ступені залежала ад зладжаных дзеянняў старшыні, сакратара і членаў камісіі. Яны пастараліся і напярэдадні выбараў, запрасіўшы кожнага прыняць удзел у галасаванні, размясціўшы ў найбольш даступных месцах агітацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў. Пераважная большасць выбаршчыкаў ведалі, за каго галасуюць. У залежнасці ад акруг гэта былі кандыдаты ў дэпутаты абласнога Савета дырэктар ААТ “Паставымэбля” Сяргей Рычардавіч Зямчонак і начальнік раённага вузла электрасувязі Іосіф Вікенцьевіч Тамашэвіч, кандыдаты ў дэпутаты раённага Савета начальнік раёна электрычных сетак Аляксандр Мар’янавіч Скрыцкі, начальнік інспекцыі па справах непаўналентніх райаддзела ўнутраных спраў Вячаслаў Людвігавіч Врублеўскі і намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пастаўскім раёне Ірына Іванаўна Несцяронак.

У дзень асноўнага галасавання на ўчастку працаваў буфет, адбыўся канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці школы. За ходам галасавання сачылі назіральнікі.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.  Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.