Атрымалі галоўны дакумент

Местная власть

Маргарыта Ластоўская, вучаніца СШ № 3

15 сакавіка Беларусь адзначыла Дзень Канстытуцыі. Напярэдадні гэтай даты ў раённым выканаўчым камітэце адбылася ўрачыстасць, падчас якой 12 пастаўскіх школьнікаў атрымалі свой галоўны дакумент — пашпарт.

Мерапрыемства сабрала шмат гасцей, сярод якіх быў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў.

—            Наша краіна мае багатую гісторыю, у якой, на жаль, нямала трагічных падзей, — звярнуўся ён да юных пастаўчан. — Дзякуючы мужнасці, патрыятызму  нашых продкаў, прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў мы жывём пад мірным небам, маем магчымасць вучыцца, працаваць, гадаваць дзяцей і ўнукаў. Якое ў Беларусі будзе заўтра, у многім залежыць ад вас. Таму не шкадуйце сіл на вучобу, атрым­лівайце добрую адукацыю і вяртайцеся на сваю малую радзіму, каб шчыраваць дзеля яе далейшага развіцця.

Пасля прывітальнага слова Віктар Пятровіч уручыў юным грамадзянам пашпарты. Яны атрымалі і падарункі — кнігу пра родны горад, Дэкларацыю правоў чалавека, а таксама невялікія сувеніры ад раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і райкама грамадскай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Перад прысутнымі таксама выступіў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Шматлікія пажаданні ён выказаў не толькі школьнікам, але і ветэрану Вялікай Айчыннай вайны М. Я. Зубовічу, які быў запрошаны на ўрачыстасць. Сёлета Урад Санкт-Пецярбурга ўзнагародзіў Мікалая Яўстаф’евіча памятным знакам “У гонар 70-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады”. Пад апладысменты маладых пастаўчан ён быў перада­дзены ўладальніку.

—            Слухайцеся бацькоў, паважайце бабуль і дзядуляў, — пажадаў ветэран. — Яны прайшлі суровыя выпрабаванні ў гады фашысцкай акупацыі, а пазней удзельнічалі ў мірным аднаўленні краіны. Спадзяюся, што вы будзеце ведаць і памятаць шматлікіх герояў тых падзей. Не забывайцеся цікавіцца гісторыяй Пастаўшчыны — яна багатая на подзвігі і славутыя імёны.

Са словам у адказ напрыканцы сустрэчы выступіла вучаніца СШ № 5 Кацярына Падгайская. Ад імя ўсіх школьнікаў (а ў зале прысутнічалі лепшыя з лепшых) яна паабяцала быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны і рабіць усё для яе росквіту.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.