“Бяспека — у кожны дом”

Правовое поле

Пад такой назвай з 3 па 28 лютага ў Беларусі праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя, накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх ва ўласных кватэрах і прыватных жылых дамах. У яе рамках пажарныя-ратавальнікі пабывалі ў дашкольных і агульна­адукацыйных установах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, нагадаўшы дзецям і дарослым правілы пажарнай бяспекі і паводзін у экстранных сітуацыях. 

Адна з такіх сустрэч на Пастаўшчыне адбылася з работнікамі сацыяльнай абароны раёна. Разам з начальнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Кісялём на ёй прысутнічалі начальнік упраўлення прававога забеспячэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях А. М. Грасько і галоўны юрыст Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС І. В. Шаўроў.

Як сведчыць статыстыка, штогод у выніку пажараў у Беларусі гіне каля тысячы чалавек. Так, у мінулым годзе падчас 6882 звязаных з агнём здарэнняў з жыццём развіталіся 783 чалавекі, сярод якіх 20 дзяцей. Не лепшым чынам абстаяць справы і сёлета. Год толькі пачаўся, а ў краіне агонь прынёс бяду ў 1191 дом і кватэру, забраўшы жыцці 192 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей. На Віцебшчыне адбылося 198 пажараў, у якіх загінулі 36 дарослых і адно дзіця. На Пастаўшчыне — 7 пажараў, загінулі 4 чалавекі. Якім чынам можна выправіць сітуацыю? На думку начальніка Пастаўскага РАНС А. І. Кісяля, для аказання дзейснага ўплыву на яе мер толькі з боку міліцыі і пажарнай службы недастаткова.

— Вырашыць праблему магчыма пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых органаў улады, арганізацый, пазаштатных фарміраванняў, — адзначыў Аляксей Іванавіч. — Неабходна выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы і метады, прадугледжаныя заканадаўствам: накіраванне аматараў спіртнога ў лячэбна-працоўчы прафілакторый, прафілактычныя гутаркі, папярэджанні. Важным аспектам мінімізацыі і прадухілення гібелі на пажарах з’яўляецца работа з адзінокімі і адзінокапражываючымі грамадзянамі, інвалідамі. А гэта ў першую чаргу залежыць ад прадстаўнікоў сацыяльнай службы.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарская расказала пра работу, якая праводзіцца ТЦСАН па пажарнай бяспецы. Па словах Дзіяны Іванаўны, у раёне створаны мабільныя групы па абследаванні ўмоў пражывання, стану пячнога ацяплення, электраправодкі і газавага абсталявання пенсіянераў на прадмет пажарнай бяспекі, праводзяцца розныя прафілактычныя акцыі, па выніках абследавання адзінокія састарэлыя змяшчаюцца ў сацыяльныя і медыцынскія ўстановы.

— Як для нашай, так і для вашай службы дапамога людзям — галоўная задача, — сказаў, падводзячы вынік сустрэчы, начальнік упраўлення прававога забеспячэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях А. М. Грасько. — Наша ведамства спадзяецца на дзейсную дапамогу з боку работнікаў сацыяльнай службы, паколькі 4 пажарныя інспектары ў Пастаўскім раёне фізічна не могуць ахапіць усе праблемныя катэгорыі насельніцтва. Там, дзе ёсць узаемадзеянне ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, дзяржаўных службаў, — вынік відавочны. Спадзяюся, што ён будзе і на Пастаўшчыне.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.