І любоўю ахінаюць


Медсястра М. А. Войніч, санітарка-буфетчыца Л. Л. Баброўка, старшая медсястра А. В. Каваленка, загадчыца аддзялення Н. С. Мяркулава, сястра-гаспадыня Н. Л. Лысёнак, малодшая медсястра Н. І. Марына.

Не толькі вылечыць, але і ахінуць кожнага маленькага пацыента любоўю, ласкай і клопатам — галоўная задача работнікаў дзіцячага аддзялення Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Калектыў выключна жаночы. Ім ужо на працягу многіх гадоў кіруе Ніна Сяргееўна Мяркулава. Менавіта на ёй ляжыць асноўны клопат пра лячэнне дзяцей, якія трапілі ў стацыянар. Разам з ёй медыцынскую дапамогу аказвае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Людміла Васільеўна Сямёнава. Тут, акрамя ўрачоў, на варце дзіцячага здароўя стаяць 12 медработнікаў.

У аддзяленні 22 ложкі. За месяц могуць пралячыцца каля 55 пацыентаў, аднак іх колькасць напрамую залежыць ад сезона. У зімовы перыяд іх лік можа дасягаць 80 чалавек у месяц. Але гэта ніяк не адбіваецца ні на якасці лячэння, ні на парадку: у педыятрыі заўсёды ўтульна і чыста, а яркі і маляўнічы дызайн памяшканняў надае выдатны настрой.

— Капітальны рамонт у нашым аддзяленні прайшоў сем гадоў таму. Тады былі заменены вокны, дзверы, мэбля. А яшчэ праз два з паловай гады мы набылі сталы і крэслы для сталовай. Грошы на іх выдзелілі арганізатары латарэі «Ваша лато», — расказвала загадчыца аддзялення Н. С. Мяркулава. — У тым, што аддзяленне так добра выглядае праз шмат гадоў пасля рамонту, вялікая заслуга ўсяго персаналу, які пастаянна клапо­ціцца пра ідэальны парадак.

Па выніках работы за 2013 год педыятрычнае аддзяленне прызнана пераможцам раённага спаборніцтва сярод структурных падраздзяленняў Пастаўскай ЦРБ.

— Сакрэт нашага поспеху — у людзях, — упэўнена Н. С. Мяркулава. — Персанал падабраўся выдатны, усе працавітыя, адказныя. У калектыве ніколі не бывае рознагалоссяў.

Адзінае, што засмучае, дык гэта тое, што ў апошні час назіраецца рост праблемных ­сем’яў. Не рэдкасць і дзеці на сацыяльным доглядзе. Ім патрэбны пастаянныя ўвага і клопат. У аддзяленні не ведаюць такіх слоў, як «гэта не мой абавязак», бо ў кожнага медработніка чулае сэрца.

Ніколі не бывае праблем з медыкаментамі і кансультацыямі спецыялістаў з вобласці. Гэтыя пытанні на пастаянным кантролі трымае галоўны ўрач Уладзімір Мікалаевіч Чакавы. Шмат дапамагаюць спонсары. Самыя актыўныя — індывідуальныя прадпрымальнікі Анатоль Бабічаў, Вольга Леўшына і праваслаўная царква.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.