“Мы разам — і гэтым моцныя”


Валянціна Міхайлаўна РОМЕЛЬ.

Карэспандэнт “ПК” гутарыць са старшынёй Пастаўскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Валянцінай Міхайлаўнай РОМЕЛЬ.

— Валянціна Міхайлаўна, найперш віншуем Вас з яшчэ адной пасадай і жадаем плёну ў працы!

— Дзякуй. Старшынёй раённай арганізацыі мяне выбралі на справаздачна-выбарнай канферэнцыі, якая праходзіла ў снежні 2013 года. Прызнаюся: чымсьці асабліва нечаканым і незнаёмым для мяне гэта грамадская работа не стала. Можна сказаць, па жыцці я аргані­затар, выхавальнік, кіраўнік. Гэтым займалася і займаюся і падчас вучобы ва ўніверсітэце, і калі па размеркаванні прыехала ў Паставы, дзе  стала працаваць у сістэме адукацыі, і цяпер, з’яўляючыся дырэктарам СШ №5.

— Што ўяўляе сабой раённая арганізацыя?

— Яна існуе з сакавіка 2008 года. У сваіх шэрагах налічвае 552 чалавекі. Пярвічныя арганізацыі (а іх на сённяшні дзень 35) створаны ў школах і дзіцячых садках, ва ўстановах аховы здароўя, сельскіх Саветах, на прадпрыемствах, у арганізацыях. Спектр дзейнасці даволі шырокі, і пра гэта я скажу крыху пазней. Спачатку пра тое, чым сама займаюся. Практычна кожны дзень вяду тэлефонныя перамовы наконт правядзення таго ці іншага мерапрыемства, сустракаюся з патрэбнымі людзьмі, з якімі і арганізоўваем іх. Акрамя таго, як кіраўнік вяду прыём грамадзян, а потым займаюся вырашэннем пытанняў, з якімі людзі звярнуліся.

— Як свае рады папаўняеце?

— І я, і мой актыў ідзём і едзем у калектывы, сустракаемся з кіраў­ніцтвам, гаворым пра мэты і задачы грамадскага аб’яднання. Варта адзначыць, што вельмі станоўча нас успрымаюць, і народ сам робіць свой выбар на карысць “Белай Русі”.

— А цяпер, калі ласка, пра мэты, задачы і кірункі ў рабоце.

— РГА “Белая Русь” аб’яднала  тых прадстаўнікоў грамадства, якія імкнуцца пабудаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну. Адзін з прыярытэтных кірункаў у рабоце — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Спынюся на найбольш знакавых акцыях, у якіх раённая аргані­зацыя прымае ўдзел сёлета. Гэта віншаванне воінаў-інтэрнацыяналістаў, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 27 склікання (падрыхтоўка і правядзенне выбараў, сустрэчы з маладымі выбаршчыкамі і віншаванне ў дзень выбараў тых, хто ўпершыню прыйдзе на выбарчы ўчастак), урачыстае ўручэнне пашпартоў, прымеркаванае да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, раённы конкурс па зборы другаснай сыравіны (школы-пераможцы і індывідуальныя пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі), удзел у праектах “Белая Русь” — за адраджэнне культурнай і гістарычнай спадчыны”, “Белая Русь” — ветэранам” і іншае.

— У раённай арганізацыі ў асноўным, напэўна, жанчыны?

— Не, ёсць і мужчыны, і некаторыя з іх узначальваюць пярвічкі, з’яўляюцца сакратарамі. Але ў нашых планах шмат увагі адводзіцца рабоце з жанчынамі. Яна накіравана на ўмацаванне інстытута сям’і, аказанне дапамогі мнага­дзетным, малазабяспечаным сем’ям, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дзецям-інвалідам. Гэта і ўручэнне падарункаў, і віншаванне бацькоў дзяцей, якія нара­дзіліся ў Дзень Незалежнасці, і арганізацыя і правядзенне конкурсаў “Моцная сям’я” і “Лепшая мнага­дзетная сям’я”. Я пераканана: маладое пакаленне нельга выхаваць без павагі да старасці. У задачы арганізацыі ўваходзяць падтрымка адзінокіх, пажылых, наведванне іх у аддзяленнях кругласутачнага знаходжання. У сваёй дзейнасці кіруемся прынцыпам, каб пры вырашэнні важнейшых дзяржаўных задач не былі забыты просты працаўнік, кожная беларуская сям’я, а члены нашай арганізацыі каб адчувалі, што “Белая Русь” іх заўсёды падтрымае.

— Вашы пажаданні напярэдадні свята…

— Жанчыны — істоты моцныя. Але ў той жа час і кволыя, ім патрэбна падтрымка родных, блізкіх —  тады яны ўсё змогуць. І яшчэ. Мы разам — і гэтым моцныя. Няхай мае словы прагучаць як заклік: далучайцеся да нашых шэрагаў. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, цудоўнага настрою і аптымізму!

Гутарыла Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.