Не кіно, а сапраўдны атракцыён


Вы з неверагоднай хуткасцю імчыце па пакручастай чыгунцы,  якая пралягае сярод гор.  У твар дзьме моцны вецер, на галаву сыпле снег, ад рэзкіх паваротаў займае дух… Гэта не сон, а “рэальнасць”, у якую цяпер можна акунуцца ў пастаўскім кінатэатры “Радзіма”. У суботу, 15 сакавіка, тут адкрылася новая 7D-кіназала.

У гэты дзень у фае кінатэатра яблыку не было дзе ўпасці — усе сеансы былі бясплатныя. У вы­ніку прыйшло больш за трыста гледачоў, сярод якіх пераважалі дзеці і падлеткі. Але былі і дарослыя — нават пен­сіянеры!

Што ўяўляе сабой кіназала? У невялікім памяшканні ўсталяваны экран дыяганаллю 4 метры, які пры дапамозе спецыяльных акуляраў забяспечвае трохмернае адлюстраванне. Насупраць — чатыры крэслы, якія ўсталяваны на дзвюх платформах. У залежнасці ад сюжэта яны з рознай хуткасцю «рухаюцца» ўперад, назад, улева, управа, уверх, уніз. Платформы могуць імітаваць свабоднае падзенне, рэзкае тармажэнне, сутыкненні з іншымі аб’ектамі і г.д. Не кіно, а сапраўдны атракцыён!

Уражанняў дадаюць шмат­лікія эфекты прысутнасці. Глядач адчувае на сабе вецер, снег, мыльныя пузыры і нават мышэй, якія сваімі “хвастамі” казычуць ногі. У бліжэйшы час плануецца завезці араматызаваныя ўстаноўкі, а таксама… “павукоў”, якія будуць падаць на галовы аматараў вострых адчуванняў.

У “асартыменце” тры дзясяткі ролікаў працягласцю ад трох з паловай да дзесяці хвілін. Можна пранесціся з ветрыкам па чыгунцы, паганяць на аўтамабілі, пабываць у джунглях або, скажам, заглянуць у дом з прывідамі. Для асабліва ўражлівых людзей на платформе ёсць чырвоная кнопка, націснуўшы на якую можна ўмомант спыніць віртуальнае падарожжа.

—            Спадзяёмся, навінка спадабаецца пастаўчанам і гасцям горада, — адзначыў дырэктар кінатэатра “Радзіма” Валерый Іванавіч Палубедаў. — У хуткім часе іх чакаюць новыя сюрпрызы. Плануецца ўстаноўка сталоў для гульні ў аэрахакей, а таксама дзвюх машын для вырабу папкорна. А пакуль запрашаем у кіназалу. Яна працуе штодзень з 11 да 20.00 (перапынак на абед — з 14.00 да 15.00). Кошт аднаго сеанса — 25 тысяч рублёў.

Іна СНЯЖКОВА. Фота Андрэя МАЦУРА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.