Першая і не апошняя “ластаўка”


24 кастрычніка 2013 года ўступілі ў сілу змяненні ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, якія датычаць кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за аналагічнае парушэнне. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй кодэкса, за гэта прадугледжана канфіскацыя аўтамабіля. І першы такі прэцэдэнт ужо ёсць на Пастаўшчыне.

19 лютага адбыўся суд над жыхаром Пастаў, які двойчы на працягу года быў затрыманы супрацоўнікамі раённай Дзяржаўтаінспекцыі п’яным за рулём. У першы раз права­ахоўнікі “злавілі” мужчыну неўзабаве пасля ўнясення паправак у дзеючае заканадаўства. Тады разам з накладаннем штрафу яго папярэдзілі: калі зноў надумае пакатацца нецвярозым на аўто, машыну канфіскуюць. Але грамадзянін не прыняў гэтай інфармацыі да ведама і праз некаторы час зноў сеў за руль “пад мухай”. Па ракавым збегу абставін на вуліцы Ленінскай, побач з будынкам ДАІ, здзейсніў наезд на аўтамабіль, які спыніўся перад ім, з’ехаў на тратуар і ўдарыўся ў слуп лініі электраперадач. Суд назначыў віноўніку ДТЗ пакаранне ў выглядзе 32,5 мільёна рублёў штрафу, на 1 год пазбавіў яго волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, на 5 гадоў — права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, і канфіскаваў у даход дзяржавы аўтамабіль. Ён бу­дзе адпраўлены ў Мінск і там прададзены з аўкцыёну.

Па словах начальніка аддзялення ДАІ РАУС Д. М. Андрона, на сённяшні дзень на Пастаўшчыне маюцца яшчэ тры кандыдаты на канфіскацыю аўто. Матэрыялы на іх накіраваны ў раённы аддзел Следчага камітэта для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальных спраў па артыкуле 317. Усе трое — жыхары горада. Адзін з іх мае дастаткова дарагі транспартны сродак — мікрааўтобус коштам каля 20 тысяч долараў.

Усяго ж з пачатку года ў нашым раёне затрыманы 21 нецвярозы вадзіцель — на 10 чалавек менш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. На думку Дзмі­трыя Мікалаевіча, такі “мінус” звязаны ў тым ліку з перыядычным прыездам у раён супрацоўнікаў сталічнага спецпадраздзялення “Страла”, якія разам з пастаўскімі дзяржаўтаінспектарамі нясуць службу на дарогах. Але найбольш паўплывала на сітуацыю ўзмацненне адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым стане. Так, разам са змяненнямі ў Крымінальны кодэкс былі ўнесены папраўкі і ў адміністрацыйны. Цяпер за першую паездку “пад мухай” на вадзіцеляў накладваецца штраф у памеры ад 50 да 100 базавых велічынь, і яны пазбаўляюцца права кіравання транспартам на 3 гады. Калі наогул не мелі вадзіцельскага пасведчання — пазбаўляюцца права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на такі ж тэрмін. Раней былі пазбаўлены права кіравання транспартам і пры гэтым селі за руль — будуць аштрафаваны на суму да 2,6 мільёна рублёў, здзейснілі такое правапарушэнне паўторна на працягу года — павінны заплаціць да 6,5 мільёна рублёў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.