Служба будзе запатрабавана

Общество

Майстры цырульні райбыткамбіната: Газіза Кінева, Анастасія Ляпіліна, Тэрэза Лосік, Наталля Пронька, Галіна Казлоўская, Марына Стаднік, Ірына Кукоўская, Ірына Валасных і Таццяна Аніськовіч

Карэспандэнт “ПК” гутарыць з дырэктарам камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Пастаўскі райбыткамбінат” Таццянай Аркадзьеўнай ГЛАДКОВІЧ.

— Таццяна Аркадзьеўна, якія задачы служба быту вырашае сёння?

— Нашы задачы — аказанне бытавых паслуг насельніцтву і арганізацыям. Так было заўсёды, і ад гэтага кірунку мы не адыходзім і цяпер. Асаблівых нова­ўвядзенняў у мінулым годзе не было, займаліся традыцыйнымі відамі паслуг, удасканальвалі іх якасць.

Але пра некаторыя абнаўленні ўсё ж сказаць варта. Напрыклад, у цырульні пачалі рабіць меліраванне праз фольгу, працяглую ўкладку, касметычнае лячэнне валасоў, чаго раней не было. Закупілі дзве пральныя машыны: адну бытавую на 7 кілаграм, якая дазваляе мыць бялізну невялікімі партыямі, чым скарыстаецца насельніцтва, другую — на 15 кілаграм, ёю будзем аказваць паслугі арганізацыям. Для швейнага атэлье набылі парагенератар з прасам, для рытуальнага цэха — бензакасу (плануем арганізаваць такую паслугу, як абкошванне дваровых тэрыторый насельніцтва), для фатаграфіі — прынтар.

Каб больш якасна аказваць паслугі ў цырульні, замянілі інструмент (закупілі 22 пары новых нажніц, 2 фены, 2 машынкі для стрыжкі і двое шчыпцоў для ўкладкі валасоў), у бліжэйшы час плануем закупіць яшчэ 10 пар філіравальных нажніц. На ўсё гэта патрачаны ў асноўным бюджэтныя грошы (нам было выдзелена 100 млн рублёў). Укладвалі і ўласныя сродкі — за іх купілі запчасткі для аўтатранспарту і трактара, інструменты і аргтэхніку.

— Калі ласка, звернемся да лічбаў.

— За мінулы год лепшых вынікаў дасягнулі калектывы цырульні (загадчыца Тамара Ар­кадзь­еўна Бялянка), атэлье па рамонце абутку (загадчыца Кацярына Данілаўна Шылько), цэха рытуальных паслуг (начальнік участка Юрый Георгіевіч Жыдкі). Сярод комплексных прыёмных пунктаў — Навасёлкі (прыёмшчыца заказаў Эма Вітальеўна Касцюк), Гута (прыёмшчыца Леанарда Паўлаўна Валадзько), Варапаева (прыёмшчыца Ганна Антонаўна Яблонская).

Насельніцтву і арганізацыям аказана паслуг на 3 млрд 400 млн рублёў, чыста бытавых — на 2 млрд 67 млн рублёў, у сельскай мясцовасці — на 829 млн рублёў праз комплексныя прыёмныя пункты, а іх у раёне 12 (10 з якіх размешчаны ў аграгарадках).

— Значыць, комплексныя прыёмныя пункты запатрабаваны?

— Безумоўна. Мне часам фільм пра прыёмшчыкаў здымаць хочацца, як паназіраю за іх працай. Скажам, Таццяна Вальдэмараўна Бервячонак з Парыжа. Прыязджаем з ёй у Казлоўшчыну. Яна хуценька абходзіць патрэбныя дамы, установы, раздае прывезеныя адрамантаваныя і памытыя рэчы, забірае новыя. Адным словам, ідзе ў народ. І правільна робіць, што не чакае, пакуль хто сам надумаецца звярнуцца па тую ці іншую паслугу. Але ж прыйсці могуць, калі комплексны прыёмны пункт размешчаны ў ажыўленым месцы, дзе людзей бывае шмат. А калі на водшыбе ці ў такім будынку, куды вяскоўцы рэдка заходзяць, там без актыўнасці прыёмшчыка вялікіх лічбаў не атрымаецца.

— У горадзе, як вядома, нямала камерцыйных цырульняў. Тым не менш і цырульнікі райбыткамбіната не сядзяць без работы…

— Не сядзяць. І гэта пацвяр­джае лічба: 637 млн рублёў. Менавіта на такую суму было аказана летась паслуг гарадской цырульняй, якая працуе што­дзень. У калектыве 11 майстроў: 6 у жаночай зале і 5 — у мужчынскай. Цырульнікі аказваюць паслугі жыхарам сельскіх населеных пунктаў, і вяскоўцы гэтым вельмі задаволены. Выязджаем па званку да інвалідаў і пажылых людзей. А 1 кастрычніка, да Дня пажылых людзей, праводзілі акцыю — аказвалі паслугі людзям паважанага ўзросту (бясплатныя стрыжкі).

— Адным словам, службе быту — быць?

— Так. І гэта пры такой моцнай канкурэнцыі. Нядаўна ў райцэнтры ладзілася выстава, на якой, акрамя ўсяго іншага, была прадстаўлена пасцельная бялізна. Яркая, прыгожая, яна вабіла вока. Наша крыху даражэйшая, але яе бяруць таксама і нават ахвотней, бо мы шыем з якаснай тканіны, якая не страціць свайго таварнага выгляду пасля першага мыцця. Служба будзе запатрабавана і па той прычыне, што прыватнік не пойдзе і не паедзе ў вёску, ён пралічыць кожную капейчыну, перш чым гэта зрабіць.

— Таццяна Аркадзьеўна, заўтра — свята. Вашы пажаданні.

— Віншаванні і пажаданні самыя найлепшыя! У аўторак прысутнічала на ўрачыстым сходзе ў Віцебску, на якім прагучала шмат добрых слоў у адрас усіх прадстаўнікоў сферы. І я шчыра жадаю ўсім работнікам і ветэранам службы быту моцнага здароўя, бадзёрасці, поспехаў ва ўсіх справах і веснавога настрою.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.