Спартсменка, рукадзельніца і проста прыгажуня

Личности

Крысціна Брэская

Так, крыху перафразаваўшы вядомую цытату з камедыі Л. Гайдая “Каўказская палонніца”, можна ў некалькіх словах ахарактарызаваць метадыста пастаўскага Дома рамёстваў  “Стары млын” Крысціну Брэскую.

Што датычыць спорту, з ім Крысціна на “ты” дзякуючы бацьку Мікалаю Станіслававічу Рамейку. Дырэктар Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба, ён з маленства прывучаў дачку да актыўнага ладу жыцця. Разам з іншымі дзецьмі Крысціна гуляла ў валейбол, футбол, тэніс, летам плавала, зімой станавілася на лыжы і канькі. Магчыма, як і бацька, таксама стала б трэнерам, калі б не захапілася дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, трапіўшы ў студыю авангарднай моды ў маладзёжным цэнтры “Юнацтва” ў 6 гарадку.

Прыйшла туды 12-гадовым падлеткам, калі студыя толькі стваралася. І пакуль не закончыла школу, вучылася ў Т. А. Дзехцярук працаваць з саломкай, шыць і вязаць, ствараючы незвычайныя калекцыі адзення, якое сама ж і дэманстравала на сцэне падчас “модных паказаў”. Паралельна з гэтым свае творчыя здольнасці развівала ў мастацкай школе, марачы пра прафесію дызайнера. Але калі надышоў час паступаць у ВНУ, крыху скарэкціравала планы, выбраўшы спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва, чарчэнне. Народныя рамёствы” ў педуніверсітэце імя М. Танка. Там побач з саломкай дасканала асвоіла народныя вышыўку, ляльку і абрэзкавае шыццё. Цяпер прафесійна займаецца імі ў “Старым млыне”, дзе працуе ўжо другі год.

— У Доме рамёстваў я вяду гурткі вышыўкі ў дзяцей і вязання кручком і пруткамі ў дарослых, — расказвала Крысціна. — Як і іншыя майстры, раблю розныя сувеніры на продаж для нашага салона-магазіна і ў падарунак гасцям Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Асабліва падабаецца ствараць лялек. Нядаўна на абласной выставе лялек і цацак атрымала свой першы дыплом. Акрамя таго, заканчваю ўласную метадычную распрацоўку па народным касцюме, які адраджаецца ў мініяцюры на прыкладзе лялек.

Зробленыя сваімі рукамі рэчы майстрыха раздорвае блізкім і сябрам, якія з задавальненнем прымаюць адмысловыя саламяныя шкатулкі і кветкі, карціны-пано, вышытыя саматканыя ручнікі. А самым вялікім паклоннікам таленту Крысціны з’яўляецца яе муж Аляксандр. Ён раздзяляе ўсе жончыны захапленні: разам з ёй займаецца спортам,  заўсёды падтрымлівае кожную творчую ідэю і высока ацэньвае канчатковы вынік. Не дзіўна, што пры такой моцнай падтрымцы хочацца яшчэ больш працаваць і тварыць.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.