“Важна ведаць вашы меркаванні”

Местная власть

Аляксей Аляксандравіч Клімовіч, Алег Леанідавіч Сліжэўскі, Анатоль Міхайлавіч Бабічаў

28 лютага Паставы наведаў міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Леанідавіч Сліжэўскі, які з’яўляецца членам рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы.

Рабочы візіт міністра пачаўся са знаёмства з Пастаўскім мэблевым цэнтрам. Туды ён накіраваўся разам з памочнікам Аляксеем Аляксандравічам Клімовічам і выконваючай абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Марынай Фёдараўнай Быкавай. Экскурсію для ганаровых гасцей правёў дырэктар мэблевага цэнтра Анатоль Міхайлавіч Бабічаў, які расказаў пра работу прадпрыемства ў цэлым і асаблівасці вытворчасці ў кожным цэху.

У адным з іх А. Л. Сліжэўскі затрымаўся, каб пагутарыць з работнікамі. Ён коратка паведаміў ім пра функцыі Міністэрства юстыцыі, змены, якія праводзяцца апошнім часам у судовай галіне, а таксама асаблівасці нядаўняга рэфармавання органаў натарыята. Пры гэтым падкрэсліў, што прадстаўляе не асобнае міністэрства, а Урад, таму прапанаваў прысутным звяртацца з любымі хвалюючымі пытаннямі.

Іх аказалася нямала. Работнікі задалі пытанні, якія датычылі памераў пенсій, ільготнага крэдытавання, будаўніцтва жылля, у тым ліку і арэнднага. На іх адказалі міністр, а таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Мікалаеўна Чаплінская, якая суправаджала яго падчас візіту на прадпрыемства.

—            Такія сустрэчы ў калектывах я праводжу штомесяц, — расказаў Алег Леанідавіч Сліжэўскі. — Яны служаць своеасаблівым мастком паміж грамадзянамі і Урадам і даюць магчымасць узняць набалелыя пытанні на найвышэйшым узроўні, атрымаць кампетэнтную інфармацыю. Мяне прыемна ўразілі і па-сучаснаму абсталяванае прадпрыемства, і ажыўленая дыскусія.

Для міністра таксама важна было пачуць ацэнку дзейнасці пастаўскага натарыята. Як аказалася, работнікі ПМЦ нярэдка туды звяртаюцца і характарызуюць яго работу толькі са станоўчага боку.  З дзейнасцю гэтай і іншай раённых службаў А. Л. Сліжэўскі пазнаёміўся асабіста. У другой палове дня ён наведаў ЗАГС, суд і аддзел прымусовага выканання Пастаўскага раёна, а таксама сустрэўся са старшынёй райвыканкама Віктарам Сяргеевічам Гутаравым.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.