Вярэдзіць сэрца ваеннае ліхалецце


Аляксандра Сяргееўна Рамановіч

Аляксандра Сяргееўна Рамановіч (былая настаўніца Лукашоўскай школы) мяне чакала. Дастала альбомы, расклала фотаздымкі. Яны адлюстроўваюць самыя памятныя і шчаслівыя моманты яе жыцця. Успаміны пра мінулае выклікаюць розныя эмоцыі: ад адных у жанчыны наварочваюцца слёзы, ад іншых з’яўляецца ўсмешка. Але найбольш вярэдзіць сэрца ваеннае ліхалецце.

У лясах вакол яе  роднага Лепеля было нямала пар­тызан. Немцы лютавалі. Аднаго разу павыганялі з дамоў сем’і, якія падазраваліся ў сувязі з ляснымі мсціўцамі, і накіравалі да камендатуры. Шлях праходзіў каля Шурынага дома. Бацькі загадалі дзецям не выходзіць з хаты. Але двухгадовая Ларыса не паслухалася і выбегла па цацку. Шура кінулася за сястрой. У гэты момант у двор заскочыла маладая дзяўчына і схавалася за вуглом дома. І тут з’явіўся раз’юшаны немец з сабакам, які накінуўся на Шуру, разадраў лапамі спіну, пакусаў нагу. Салдат, не разбіраючыся, далучыў дзяўчыну да калоны. Так яна трапіла за краты.

— У камеры першую дапамогу аказала сталая жанчына, — успамінала Аляксандра Сяргееўна. — Спыніла кроў, сваёй хусткай перавязала рану. Ад пякучага болю хацелася крычаць. Але я цярпела. Пацягнуліся цяжкія гадзіны і дні. Потым мяне сталі вадзіць на допыты. Перада мной на стале ляжалі пісталет, нагайка, побач сядзеў сабака. Ад усяго гэтага працінаў страх. А ў мяне дапытваліся прозвішчы суседзяў, маіх членаў сям’і, спрабуючы высветліць, ці маю дачыненне да партызан. Некалькі разоў заводзілі ў спецыяльны пакой, дзе ў невялікае акенца трэба было прасунуць руку і цярпець боль. Такім чынам у мяне бралі кроў, пасля чаго я траціла прытомнасць.

Урэшце Шуру адпусцілі. Пад камендатурай увесь час дзяжурыла маці. Яна і давяла дачку дадому, доўга выходжвала.

Калі Беларусь вызвалілі  ад нямецка-фашысцкіх захоп­нікаў, дзяўчына прадоўжыла вучобу ў сёмым класе. Затым закончыла Лепельскае педвучылішча, па размеркаванні трапіла ў Пастаўскі раён, у Васілінскую пачатковую школу.

— Вельмі складанымі былі першыя гады работы, — расказвала А. С. Рамановіч. — Не, не ў школе. Вучыць дзяцей мне падабалася. Але хапала грамадскай нагрузкі. Гэта быў перыяд калектывізацыі. Па загадзе раённай улады мы, маладыя настаўніцы, хадзілі па вёсках і агітавалі людзей уступаць у калгас. А каму хацелася аддаваць нажытае? Многія ставіліся да нас непрыязна. У мясцовых лясах было нямала бандытаў. Аднаго разу, калі я начавала ў сваёй сяброўкі ў Чарэмушніках, яны ўварваліся ноччу ў дом. Убачыўшы незнаёмку і класны журнал, пачалі біць мяне прыкладам. Ад здзекаў і смерці ўратавала тое, што гаспадыня схітрыла, сказаўшы, быццам я хворая на тыф.

Аляксандры Сяргееўне давялося папрацаваць у Манькавіцкай, Масленіцкай, Норкавіцкай сямігодках. Закончыла Інстытут удасканалення настаўнікаў. У 1953-ім выйшла замуж за настаўніка матэматыкі Івана Іванавіча Рамановіча. У 1965 годзе сям’ю перавялі ў Лукашоўскую сярэднюю школу. Аляксандра Сяргееўна пастаянна вялікую ўвагу надавала патрыятычнаму выхаванню вучняў, арганізоўвала мітынгі-рэквіемы ля помнікаў загінулым землякам у Цешалаве, выступала з успамінамі на піянерскіх і камсамольскіх сходах. У архіве настаўніцы захаваліся фотаздымкі з сустрэчы лукашоўскіх школьнікаў з Героем Савецкага Саюза Васіліем Аляксеевічам Сідарэнкам, які наведваў школу 30 кастрычніка 1967 года. У Манькавічах А. С. Рамановіч працавала разам з Г. І. Пашкевіч-Дунец, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўратавала сцяг камсамольскай арганізацыі. З гэтым сцягам партызаны ў ліпені 1944-га ўваходзілі ў вызваленыя Паставы. Ганна Іосіфаўна часта дзялілася ўспамінамі пра работу сувязной у партызанскім атрадзе “Слава”, якім камандаваў зямляк Васілій Асяненка, пра тое, як па даручэнні падпольнага райкама камсамола ў Калееўцах вучыла дзяцей-пачаткоўцаў грамаце.

— А мой Іван Іванавіч у пачатку вайны дапамог уратавацца двум чырвонаармейцам, — працягвала ўспаміны Аляксандра Сяргееўна. — Ён, 12-гадовы хлопчык, касіў разам з бацькам. У гэты час з кустоў яго паклікаў чалавек. Гэта быў афіцэр Савецкай Арміі. Ён з баявым таварышам апынуўся ў тыле ворага. Каб не выклікаць падазрэння ў паліцаяў, якія былі ў вёсцы, на сямейным савеце вырашылі пасяліць чырвонаармейцаў у бацькавых сясцёр. Вяскоўцам сказалі, што на дапамогу жанчынам прыехалі стрыечныя браты. Калі ўдалося наладзіць сувязь з партызанамі, Пётр (прозвішча выпала з памяці)  і Васілій Данільчанка (абодва родам з Украіны) адправіліся ў атрад. Потым ваявалі на фронце. А калі закончылася вайна, прыехалі ў Жукі, ажаніліся з дочкамі гаспадынь і забралі іх у Мінск. У вёску прыязджалі часта, сустракаліся і з Ванем.

Слухала расказ  Аляксандры Сяргееўны і думала: сапраўды, вайна прайшлася па лёсе кожнага беларуса і пакінула ў яго сэрцы свой адбітак, які не сціраецца нават з часам.

— Мне ідзе 88-ы год, — гаварыла Аляксандра Сяргееўна. — Даўно ўдава. Часам даймае адзінота. У вёсцы засталіся лічаныя жыхары. З узростам усё часцей і часцей хочацца ўспамінаць пражытае, дзяліцца сваімі думкамі з іншымі. Сумаваць не даюць маладзейшыя калегі, з якімі рэгулярна перазвоньваюся, не забываюць і вучні. Большасць маіх колішніх першакласнікаў самі сталі бабулямі і дзядулямі. Але іх паштоўкі да свята, тэлефонныя званкі саграваюць душу. Часта прыязджаюць сын з нявесткай, якія жывуць у Паставах. Яны — мая апора. А як застануся адна, раскладу фотаздымкі — і нібы вярнуся ў гады маладосці, сустрэнуся з тымі, з кім працавала разам, адпачывала. Хоць большасці маіх равеснікаў ужо няма на зямлі, яны жывуць у маім сэрцы.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.