З конкурсаў — з дыпломамі лаўрэатаў

Культура Личности

14—15 сакавіка ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы праходзіў агляд-конкурс фартэпіяннай музыкі “Натхненне”.

У ім прымалі ўдзел навучэнцы дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў Наваполацка, Полацка і Полацкага рэгіёна. Ён сабраў амаль 80 удзельнікаў з названых вышэй гарадоў, а таксама з Глыбоцкага, Пастаўскага, Верхнядзвінскага, Лепельскага, Браслаўскага, Ушацкага і Міёрскага раёнаў. Пастаўшчыну на конкурсе прадстаўлялі 5 навучэнцаў гарадской школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза: Кобзік Ангеліна, Гіль Віталія, Мейшутовіч Эліна, Шастакоў Мікіта, Клянтак Крысціна — і 4 вучаніцы Варапаеўскай ДШМ: Татарчук Карына, Казаровец Даша, Балай Алеся і Ходан Дзіяна.

Усе ўдзельнікі былі падзелены на чатыры ўзроставыя групы: малодшая А (да 8 гадоў уключна), малодшая Б (9—10 гадоў), сярэдняя (11—12 гадоў) і старэйшая (13 і больш гадоў). У залежнасці ад гэтага яны выконвалі пэўны набор музычных твораў. Самыя маленькія канкурсанты — паліфанічны твор, п’есу і эцюд, прадстаўнікі сярэдняй і старэйшай груп — акрамя пералічаных, яшчэ і буйны класічны твор.

Трэба сказаць, што рыхтавацца да конкурсу юныя піяністы пачалі яшчэ ў пачатку навучальнага года і паспяхова вытрымалі адборачныя туры ў сваіх школах. Таму на занальны этап трапілі самыя лепшыя. Тым не менш заняць столькі прызавых месцаў нашы землякі — дзеці і іх педагогі — зусім не разлічвалі. Чацвёра з пяці пастаўчан і адна прадстаўніца г.п. Варапаева вярнуліся дамоў лаўрэатамі. Так, вучаніца 3 класа Віталія Гіль (выкладчык — К. Б. Мейшутовіч) і 4-класніца Ангеліна Кобзік (выкладчык — Н. С. Белікава) з Пастаўскай ДШМ, якія выступалі ў малодшай Б групе, удастоены дыпломаў, адпаведна, другой і трэцяй ступеняў. Такія ж дыпломы ў старэйшай групе заваявалі 7-класніца Эліна Мейшутовіч (2-е месца, выкладчык — Н. С. Белікава) і 6-класнік Мікіта Шастакоў (3-е месца, выкладчык — А. І. Падгайская). Яшчэ адзін дыплом другой ступені на рахунку 5-класніцы Варапаеўскай ДШМ Алесі Балай (выкладчык — І. М. Юркова).

Як прызналіся музыканты-пачаткоўцы, ім вельмі спадабалася атмасфера конкурсу, тое, што ён даў магчымасць паслухаць, як іграюць равеснікі з іншых гарадоў і раёнаў, і параўнаць сябе з імі.

* * *

Адначасова з аглядам-конкурсам юных піяністаў у Наваполацку 15 сакавіка ў Смаленску адбыўся VIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай і джазавай музыкі “Хрустальная ліра”. Туды разам са сваім педагогам Г. Э. Барысюк і канцэрт­майстрам Т. В. Гутаравай адправіліся дзве цымбалісткі Пастаўскай ДШМ — вучаніца 1 класа Лера Патрушава і 6-класніца Ліза Глазава. Усяго ж на конкурс прыехала больш за 100 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Расіі, Беларусі і Кітая, у тым ліку каля 50 інструменталістаў. Але нашы дзяўчынкі не згубіліся ў агульнай масе. Ліза, якая з’яўляецца пераможцай разнастайных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, і тут аказалася лепшай — атрымала дыплом першай ступені. У Леры — дыплом за ўдзел. Дарэчы, Лера была самай юнай удзельніцай “Хрустальнай ліры” — ёй споўнілася ўсяго 7 гадоў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.