І цёплую печку, і мудрагелісты камін

Личности

Уладзімір Эдмундавіч Халдзей зайшоў у рэдакцыю, каб даць аб’яву: “Прапаную паслугі печніка”. Ад знаёмых даводзілася чуць, што знайсці добрага спецыяліста ў пячной справе — праблема: рэдкая гэта прафесія. Захацелася пагутарыць з чалавекам.

— Слынным печніком быў мой бацька, — расказваў Уладзімір Эдмундавіч. — Калі я падрос, ён стаў  браць мяне ў памочнікі. Пры ім і навучыўся ўсім тонкасцям. Потым была служба ў пажарнай ахове, дзе дасканала вывучыў правілы пажарнай бяспекі, якія вельмі спатрэбіліся ў далейшым. Увогуле, маю здольнасці да ўсяго, што звязана з будаўніцтвам.

Уласны дом Уладзімір Эдмундавіч пачаў будаваць у 23 гады. Бацька быў за галоўнага прараба і архітэктара, дапамагалі сябры, радня. А які дом без печы? І яе змуравалі. Ацаніўшы, як сын завіхаецца з глінай ды цэглай, бацька з упэўненасцю благаславіў яго на самастойную работу. І калі людзі прыходзілі да Халдзея-старэйшага з просьбай скласці печ, ён рэкамендаваў звяртацца да сына.

І Уладзімір стараўся: рабіў хутка, правільна і акуратна. Печы атрымліваліся прыгожыя як цацкі, не дымілі, грэлі добра, а людзі дзякавалі за працу. На пачатку самастойнай работы не прамінаў лішні раз пракансультавацца з бацькам. Змураваць печ, пліту Уладзіміра пачалі запрашаць суседзі, сваякі, знаёмыя, а потым і незнаёмыя людзі. Слава пра маладога печніка хутка разышлася не толькі па Варапаеве, але і па навакольных вёсках.

Галоўнае ў канструяванні печы, па словах майстра, — не памыліцца з самага пачатку, з асновы. І абавязкова прадумваць кожны наступны ход. Спачатку, калі сумняваўся, ці не дапусціў дзе памылкі, пераглядаў усю работу і толькі потым працягваў далей. А калі пераканаўся ў дасканаласці свайго майстэрства, аформіў прадпрымальніцтва.

Цяпер свае паслугі прапануе жыхарам як нашага, так і Мядзельскага раёнаў. Майстар можа змураваць печ на любы густ: простую рускую, пліту або шчыток, мудрагелісты камін. Попыт на апошнія асабліва вялікі. Іх жадаюць мець гаспадары прасторных сучасных дамоў, дач, якіх шмат у Мя­дзельскім раёне, дзе любяць сяліцца дачнікі-мінчане і масквічы. Уладзімір Эдмундавіч абмяркоўвае з гаспадарамі праект, падлічвае, колькі трэба будаўнічага матэрыялу. А калі ўсё закуплена, прыступае да работы. Нібы чараўнік, ён сваімі залатымі рукамі стварае сапраўдныя цуды. А для гэтага патрэбны як вопыт, цярпенне, так і веды па матэматыцы, геаметрыі, чарчэнні, фізіцы і нават хіміі.

Уладзімір Эдмундавіч лічыць, што за любую справу трэба брацца з добрым настроем. А калі гэта датычыць печы, то асабліва — яна ж павінна аддаваць цяпло. Кожны камяк гліны майстар прашчупвае рукамі, размякчае, грэе ў руках і толькі пасля кладзе на цэглу.

— Люблю працаваць у простых вяскоўцаў, — гаварыў Уладзімір Эдмундавіч. — Асабліва пажылыя сустракаюць з адкрытай душой, шчыра. У большасці з іх печы або пліты рамантую, а каму і новую складу. Не выклікаюць цяжкасцей і розныя каміны. У інтэрнэце іх вялікі выбар. Толькі “крутыя” гаспадары не заўсёды ведаюць дакладна, чаго хочуць. І ўсё ж агульную мову стараюся знаходзіць. Гаспадар часам сам дапамагае: што паднясе, што падасць. Мураванне печы ці каміна займае да тыдня часу (у залежнасці ад канструкцыі).

Цікаўлюся, ці ёсць у майстра паплечнікі. І расчароўваюся. Спрабаваў Уладзімір Эдмундавіч знайсці сабе пастаяннага памочніка. Многіх запрашаў, але ніхто, як кажа, так і не “прыліп”, бо работа не з лёгкіх, нярэдка пыльная. Самога ж У. Э. Халдзея яна захоплівае. Колькі амаль за трыццаць гадоў змайстраваў розных пячных канструкцый, і сам падлічыць не можа. Галоўнае, што ні разу не чуў нараканняў на сваю работу, а толькі падзякі.

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.