На скутарах хутчэй

Общество

Амаль 110 сацыяльных работнікаў абслугоў­ваюць у нашым раёне больш за 800 адзінокіх састарэлых. І калі ў горадзе да сваіх падапечных ім трапіць прасцей, то ў сельскай мясцовасці часам прыходзіцца з адной вёскі ў іншую дабірацца па некалькі кіламетраў.

У вялікай сумцы — прадукты харчавання, лякарствы, розныя тавары. Каб сэканоміць час і крыху аблегчыць працу сацработні­кам, раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва некалькі гадоў таму былі закуплены службовыя веласіпеды.

А нядаўна для яшчэ большай мабільнасці сацработнікаў набыты чатыры новыя скутары. Наш раён стаў першым у вобласці, дзе сацыяльныя работнікі будуць карыстацца такім відам транспарту.

Скутары замацавалі за Марыяй Дзянісаўнай Масальскай, Алесяй Рыгораўнай Ходан, Сафіяй Пятроўнай Дзяхцяр, і Таісай Віктараўнай Шпак (на здымку) з Пастаў, Варапаева, Юнек. Яны маюць права на кіраванне транспартнымі сродкамі, і ў іх найбольшы радыус абслугоўвання. Цяпер будуць хутчэй дабірацца па тых адрасах, дзе іх чакаюць, і мець больш часу на аказанне неабходнага комплексу паслуг, а таксама для таго, каб пагутарыць з пажылымі людзьмі.

— Нашы сацыяльныя работнікі не абмяжоўваюцца сваімі абавязкамі, — расказвала дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская. — Па магчымасці стараюцца ні ў чым не адмаўляць сваім падапечным, выконваюць усё, аб чым іх папросяць. Пажылым людзям вельмі важны ўвага, добрае слова. І калі пехатой або на веласіпедзе трэба было з аднаго дома хутчэй спяшацца ў другі, трэці, бо дарога далёкая і работы шмат, то цяпер сэканомлены ў дарозе час можна будзе прысвяціць таму, каб паслухаць успамі­ны бабулі або ёй расказаць апошнія навіны. Хутка Радаўніца. Многія старыя людзі не маюць магчымасці дабрацца да могілак, прыбраць іх. Нашы сацработніцы са скутарамі дапамогуць ім у гэтым. Яны паедуць на могілкі, дзе пахаваны родныя падапечных, і навядуць там парадак. Лічу, што набыццё такіх транспартных сродкаў не раскоша, а неабходнасць.

Днямі раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва набыты яшчэ адзін скутар. Яго размеркавалі на лынтупскую зону. У бліжэйшы час будзе ўве­дзены такі від паслуг, як выезд на дом да старога чалавека сацыяльнага цырульніка.  На скутары за кароткі час можна будзе даехаць да некалькіх кліентаў і аказаць неабходныя паслугі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.