Паўгода ў радыяцыйнай зоне


А. С. Гірстун

У той пагодлівы майскі дзень 1986-га вадзіцель Навадруцкай ПМК-49 Анатолій Гірстун быў з жонкай на агародзе, калі паштальён прынесла павестку з райваенкамата з’явіцца ў вызначаны час на службовым транспарце на прызыўны ўчастак у Паставах. Для чаго яго выклікаюць, мужчына тады не здагадваўся.

— У ваенкамат разам са мной прыбылі па павестках некалькі вадзіцеляў з розных арганізацый горада і раёна, — расказвае Анатолій Станіслававіч. — Агледзеўшы машыны і выбраўшы сярод усіх маю і яшчэ аднаго чалавека, які працаваў у міжкалгасбу­дзе, вайскоўцы загадалі нам адпраўляцца ў Барысаў, дзе быццам бы будуць праводзіцца вучэнні. Куды на самай справе нас пасылаюць, мы даведаліся, толькі прыехаўшы ў вайсковую часць. Там была сабрана разнастайная тэхніка: экскаватары, сама­звалы, іншыя грузавыя машыны. Усе іх правяралі на тэхнічную спраўнасць. Тыя, што былі не ў лепшым стане, адпраўлялі дамоў, астатнія пакідалі ў часці, а вадзіцелям выдавалі ваенную форму. Праз некалькі дзён у складзе арганізаванай калоны на сваім бартавым ЗІЛе-130 я адпра­віўся на Магілёўшчыну ліквідаваць наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У суседняй з Віцебскай вобласці за час 180-дзённай камандзіроўкі А. С. Гірстуну давялося пабываць у некалькіх пацярпелых у выніку тэхнагеннай катастрофы раёнах. Іх полк займаўся ачысткай асабліва забруджаных радыяцыяй тэрыторый: у вёсках, дзе яе ўзровень намнога перавышаў максімальна дапушчальную норму, ваеннаабавязаныя здымалі верхні слой грунту і вывозілі яго ў спецыяльнае бетанаванае сховішча, таксама праводзілі хімічную апрацоўку дамоў і іншых пабудоў. Анатолій Станіслававіч дастаўляў людзей на работу і назад і забяспечваў полк экалагічна чыстымі прадуктамі харчавання. Па іх ездзіў у Глыбокае, Оршу, іншыя гарады Віцебшчыны.

Жылі ліквідатары ў школах і палатках, якія разбівалі ў палях за вёскамі, дзе праводзілі дэзактывацыю. У кожнага з іх былі па два персанальныя дазіметры. У палку мелася таксама спецыяльнае абсталяванне, з дапамогай якога можна было праверыць, колькі радыяцыі чалавек атрымаў за дзень. Працавалі перасоўная лазня і палявая кухня, былі палівачныя машыны, якія з раніцы да вечара, пакуль вяліся работы, змочвалі дарогу і зямлю, каб не ўзнімаўся пыл. А калі ў вёсках часам здараліся пажары, выязджалі іх тушыць.

— Нягледзячы на ўсе меры перасцярогі, у камандзіроўцы ў мяне часта балела галава, — прызнаецца А. С. Гірстун. — Цяпер, дзякаваць богу, са зда­роўем усё ў парадку ў адрозненне ад іншых, хто быў у зоне. Многія з іх дачасна пакінулі гэты свет. У прыватнасці, ужо даўно няма знаёмага, разам з якім ездзілі ў тую камандзіроўку. На памяць пра яе ў мяне застаўся медаль ­“Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі ЧАЭС”, які ўручылі, калі вярнуўся дамоў.

Пасля прыезду на Пастаўшчыну Анатолій Станіслававіч прадоўжыў працаваць у ПМК-49. Пазней перайшоў у Сельгастэхніку, затым — на мясакамбінат. А калі яго закрылі, уладкаваўся вадзіцелем-інкасатарам у “Беларусбанк”. На свой лёс мужчына не наракае, кажа, што ўсё ў жыцці склалася нядрэнна: ёсць сям’я, дачка, унукі. ­Адзінае, што абурае, гэта адмена льгот “чарнобыльцам”-ліквідатарам, якія раней штогод маглі бясплатна паправіць здароўе ў беларускіх санаторыях, карысталіся бясплатным праездам у грамадскім транспарце, менш у параў­нанні з іншымі плацілі за камунальныя паслугі. Бо не па ўласным жаданні яны ехалі ў забруджаныя радыяцыяй раёны, атрымліваючы там вялізныя дозы апраменьвання.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота Пятра  КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.