Станьце на свой шлях да поспеху

Общество

У 2011 годзе ў Паставах упершыню прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства “Шлях да поспеху”. У ім прынялі ўдзел дзевятнаццаць маладых работнікаў з арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна, якія на працягу васьмі месяцаў дэманстравалі журы свае інтэлектуальныя, творчыя і арганізатарскія здольнасці.

Яркі маладзёжны праект прыйшоўся даспадобы ўсім — і ўдзельнікам, і арганізатарам, таму сёлета вырашана правесці яшчэ адзін.

Канцэпцыя конкурсу змянілася мала. Як і ў мінулы раз, маладых людзей чакаюць тры этапы спаборніцтваў. Першы, правядзенне якога запланавана на май, называецца “Мае дасягненні”. Яго мэта — пазнаёміцца з удзельнікамі, якія павінны будуць падрыхтаваць пяціхвілінныя самапрэзентацыі пра сябе і свае захапленні. Падчас другога этапа канкурсантаў чакае тэсціраванне з пытаннямі па асновах ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, асновах эканамічнай дзейнасці, правілах аховы працы, гісторыі Беларусі і па атрыманай спецыяльнасці кожнага ўдзельніка.

Трэці этап прадугледжвае абарону аўтарскай праграмы развіцця прадпрыемства, на якім працуюць канкурсанты (яны выступяць у якасці кіраў­нікоў). Пазней усіх чакае дыскусія на тэму “Калі б я быў на пасадзе старшыні Пастаўскага райвыканкама”.

Падвядзенне вынікаў запланавана на снежань. Пераможцу чакае каштоўны прыз (у мінулы раз гэта быў ноўтбук), будуць заахвочаны і астатнія ўдзельнікі.

Арганізатары конкурсу тыя ж — аддзел арганізацыйна-кадравай работы, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы камітэт ГА “Беларускі рэспублі­канскі саюз моладзі”. Спонсарскую дапамогу акажа Пастаўская раённая арганізацыя РГА «Белая Русь».

А вось галоўныя героі праекта будуць, несумненна, новыя. Іх імёны стануць вядомы на працягу красавіка. Можа, сярод суіскальнікаў галоўнага прыза будзеце і вы? Калі вам да 31 года і працуеце ў адной з арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў Пастаўшчыны, далучайцеся да ўдзелу — не пашкадуеце!

— Галоўным набыткам для мяне стаў не камп’ютар, а новыя сябры, — прызнаўся пераможца мінулага “Шляху да поспеху” начальнік планава-эканамічнага аддзела УП ЖКГ Юрый Рагуцёнак. — Праект таксама запомніўся сумленным саперніцтвам, добразычлівасцю і канкурсантаў, і членаў журы. Спачатку сумняваўся, удзельнічаць або не: шмат часу забіралі работа і вучоба ў Акадэміі кіравання Рэспублікі Беларусь. Рады, што не паленаваўся, згадзіўся — засталося столькі прыемных успамінаў!

Атрымаць дадатковую інфармацыю пра праект, а таксама пакінуць заяўку на ўдзел у ім можна ў райвыканкаме па тэлефоне 4-25-13 (Наталля Субко).

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.