Сто зім і сто вёсен


Серафіма Іосіфаўна з дочкамі Тамарай і Іяй.

Пражыла Серафіма Іосіфаўна Васілеўская з Варапаева. На яе стогадовы юбі­лей сабраліся родныя. Завіталі старшыня Варапаеўскага сельвыканкама А. Я. Аліхвер, дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарская, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Т. І. Андрон.

Бабуля, прыбраная  ў новы квяцісты халат, з белай пуховай хусцінкай на плячах, сядзела на ложку. Прыходу гасцей узрадавалася і расчулілася ад такой увагі. Дзякавала за віншаванні і падарункі, расказвала пра клопат дзяцей, унукаў, праўнукаў.

Жыццёвая прастора Серафімы Іосіфаўны цяпер абмежавана адным пакоем. А яшчэ ў 90 яна і гаспадарку даглядала, і ўсе грыбныя і ягадныя месцы абхадзіла. У той год у сям’ю прыйшла бяда — памёр муж (яму было 92). Для жанчыны гэта стала вялікім стрэсам. Рэзка пагоршыліся слых і зрок. А ў 92 гады ўпала і зламала шыйку сцягна. Медыкі прыклалі ўсе намаганні, каб паставіць на ногі, але хадзіць самастойна баіцца.

Даглядае Серафіму Іосіфаўну старэйшая дачка Тамара. Са свайго дома перасялілася ў бацькоўскі. Толькі і ў яе ёсць праблемы са здароўем, таму на дапамогу прыходзіць сацыяльны работнік. Часта з Мінска прыязджае яшчэ адна дачка, Ія, праведвае сын Дзмітрый, які жыве ў Слоніме.

— Чацвярых дзетак нарадзіла мама, — расказвала Ія Аркадзьеўна. — Адно памерла ад запалення лёгкіх. А мы трое жывём! Некалі мама не спала начамі над нашымі калыскамі, а сёння мы даглядаем яе, стараемся песціць, бы малое дзіця. Мама выхавала нас, дапамагала гадаваць унукаў. Была вельмі працавітай і набожнай. Пастаянна захоўвала ўсе пасты, хадзіла ў царкву, малілася дома. Напэўна, таму і заслужыла ў глыбокай старасці нядрэннае здароўе, цёплы клопат. Вельмі ўзрадавалася, што мы ўсе сабраліся на яе юбілей, запалілі сто свечак на торце, гаварылі тосты, успаміналі мінулае. А дажыць да стогадовага юбілею мама змагла дзякуючы медыкам хуткай дапамогі. Мінулым летам у яе здарыўся сардэчны прыступ. Не мелі надзеі, што ўдасца ўратаваць. Але “хуткая” прыехала аператыўна, дзеянні фельчара былі граматнымі, таму мама і сёння з намі. Пры неабходнасці наведвае ўчастковы ўрач Уладзімір Васільевіч Бяззубенка, за што мы яму вельмі ўдзячны. Увогуле ж, таблетак мама не ўжывае, толькі часам якога травянога збору пап’е.

— Жыць мне вельмі добра, — не адзін раз паўтарала юбілярка. — Дзяржава пенсію выплачвае, дзеці і ўнукі клапоцяцца. Ні ў дзяцінстве, ні ў маладосці такіх прысмакаў не каштавала, якія цяпер мне купляюць. Гадавала нас з братам мама адна. Яна, дарэчы, 105 гадоў пражыла. Бацька загінуў у грамадзянскую вайну. Цяжка было, ды праца гартавала.

— Мама заўсёды была гасціннай, — казала Тамара Аркадзьеўна. — Хто б ні прыйшоў, хутчэй старалася пакарміць. На стол ставіла ўсё, што мела. Напэўна, за яе шчодрасць Бог адмераў такі доўгі век.  Усім нам пастаянна дае наказ жыць сумленна, верыць у Бога, працаваць шчыра, сябраваць з людзьмі і абавязкова рабіць дабро. Калі да людзей з дабром, то яно заўжды да цябе вяртаецца.

— Яна нас, дзяцей, да пенсіі дагадавала, — жартуюць дочкі. — Мы ўсе ўжо пенсіянеры. І вельмі шчаслівыя, таму што  ў такім узросце можам абняць сваю маму, пасядзець побач з ёй.

З гасцямі Серафіма Іосіфаўна выпіла шампанскага за сваё здароўе і ў знак падзякі ўсім за ўвагу да яе юбілею.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.