Сучаснае медабсталяванне і максімум паслуг

Местная власть

На мінулым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё новага медыцынскага блока ў Дунілавіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. 

У ім прынялі ўдзел намеснік начальніка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама В. М. Астапенка, старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў і яго намеснік Ю. М. Кісялёў, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама П. М. Райчонак, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама П. Л. Курто, начальнік раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарская, намеснік дырэктара аграбудаўнічага прадпрыемства “Рассвет Пастаўскі” У. А. Раманенкаў.

— Сацыяльнаму абслугоўванню насельніцтва ў краіне надаецца вялікая ўвага, — гаварыла, адкрываючы мерапрыемства,  В. М. Астапенка. — З гэтай мэтай у рэспубліцы распрацавана комплексная праграма сацыяльнага абслугоўвання да 2015 года. Згодна з ёй, ставіцца задача зрабіць усе захады для таго, каб сацыяльнае абслугоўванне ў стацыянарных установах стала больш даступным, забяспечыць якасць аказваемых паслуг, палепшыць матэрыяльную базу. І робіцца для гэтага шмат. Напрыклад, у Віцебскай вобласці за апошнія два гады колькасць ложка-месцаў павялічылася амаль на 200. Гэты новы будынак — доказ таго, як стараецца кіраўніцтва і вобласці, і камітэта, і раёна для лю­дзей, абдзеленых лёсам.

Новы трохпавярховы корпус Дунілавіцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў прыняты ў дзеянне ў пачатку мінулага года. На яго будаўніцтва затрачаны 34 мільярды рублёў. Тут змаглі размясціць больш за 160 псіханеўралагічна хворых. Яны пражываюць па два, тры, чатыры чалавекі. У светлых пакоях прыгожая сучасная мэбля, зручныя санвузлы. У такіх умовах і жыць камфортна, і працаваць лягчэй.

— І вось чарговае наваселле, — гаварыў Віктар Сяргеевіч Гутараў. — Медыцынскі блок здадзены ў эксплуатацыю, асвоена 5 мільярдаў рублёў. Не ўсё было проста. Але пры падтрымцы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, асабіста яго начальніка Аляксандра Мікалаевіча Хрыстафорава ўдавалася своечасова вырашаць пытанні, якія ўзн­і­калі. Агульнымі намаганнямі мы зрабілі вялікую справу.

— Не ўсе верылі, што калі-небудзь Дунілавіцкі дом-інтэрнат будзе мець такія выдатныя ўмовы для пражывання хворых, — успамінаў У. А. Раманенкаў.  — Калі пачыналі будаўніцтва жылога корпуса, то, як кажуць, вочы баяліся, а рукі рабілі. Урэшце маем тое, што маем. Так было і з мед­блокам. Нягледзячы на цяжкасці, будаўнікі знаходзілі кантакт з інвестарамі, аператыўна выконвалі пастаўленыя задачы і ўрэшце завяршылі будаўніцтва.

У кабінетах урача-псіхатэрапеўта, стаматалагічным, працэдурным, перавязачным устаноўлена найноўшае абсталяванне, прыборы для фізіятэрапеўтычных працэдур і многае іншае. Ёсць дамоўленасць са спецыялістамі з Дунілавіцкай участковай бальніцы, якія пры неабходнасці будуць аказваць насельнікам дома-інтэрната патрэбныя паслугі.

— Да здачы ў эксплуатацыю блока медыкі туліліся ледзь не ў адным кабінеце, — гаварыў урач-псіхіятр Генадзій Зіфрыдавіч Галінскі. — Цяпер усё па-іншаму. Вось і ў маім кабінеце створаны цудоўныя ўмовы для індывідуальнай даверлівай  размовы з пацыентам або яго роднымі. Раней, калі каму з пражываючых у інтэрнаце забаліць зуб, то яго трэба было везці ў пастаўскую або варапаеўскую палі­­­клініку. Улічваючы псіханеўралагічныя асаблівасці пацыентаў, зрабіць гэта было не заўсёды  проста. Зараз усё на месцы.

— Будаўнікі з Дунілавіцкім домам-інтэрнатам надоўга не развітваюцца, — падсумавала сказанае В. М. Астапенка. — На чарзе бягучы рамонт харчаблока і старых жылых карпусоў. Хворым тут аказваецца максімальная медыцынская дапамога, з некаторымі псіхатэрапеўты працуюць над тым, каб навучыць іх самастойнасці і аднавіць дзеяздольнасць.

Такія прыклады ёсць. Адзін з раней пражываючых у доме-інтэрнаце ўжо стаў паўнапраўным членам працоўнага калектыву. Нядаўна для самастойнага пражывання выбралі  яшчэ пяць чалавек. Да іх паслуг кухня з халадзіль­нікам, электраплітой, па­коі для адпачынку з тэлевізарам, музычным цэнтрам. Людзі самі гатуюць ежу, мыюць посуд, прыбіраюць. Магчыма, праз пэўны час стан здароўя палепшыцца і яны змогуць пакінуць  гэту ўстанову.

У заключэнне цырымоніі дырэктар дома-інтэрната Павел Іванавіч Паўловіч шчыра падзякаваў усім, хто ўнёс свой уклад у будаўніцтва медыцынскага блока, і заверыў, што работнікі прыкладуць усе намаганні для належнага ўтрымання памяшканняў і абсталявання, а таксама не пашкадуюць цяпла і ўвагі для пражываючых.

Анна АНІШКЕВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.