У маладога клуба — важкія набыткі

Культура Личности

Ганна Мухля і яе карціны

Народнаму клубу “Майстры”, які дзейнічае пры пастаўскім Доме рамёстваў, сёлета спаўняецца 20 гадоў. З гэтай нагоды тут пройдзе серыя выстаў, прысвечаных знакаваму юбілею. Першая з іх ліку ўжо даступна гледачам.

Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбылося 28 сакавіка. Яна ўключыла работы чатырох аўтараў, прычым як “доўгажыхароў”, так і навічкоў клуба. Усяго ж ён аб’ядноўвае больш за 80 самадзейных майстроў і мастакоў Пастаўшчыны, многіх з якіх ведаюць далёка за межамі нашага краю. Пра гэта, вітаючы гасцей, гаварыла кіраўнік клуба Алена Аляксандраўна Касенка. Асаблівую ўвагу яна звярнула на прысутных у зале майстроў, якія стаялі ля вытокаў творчага згуртавання: а гэта Галіна Анатольеўна Дзевятоўская, Ала Аркадзьеўна Анкудовіч, Галіна Сцяпанаўна Калдышкіна,  Леанарда Уладзіміраўна Іванова, Ганна Ула­дзіміраўна Шылько (яе вышыўкі склалі асобную частку выставы).

У Ганны Мухля, яшчэ аднаго аўтара экспазіцыі, значна менш вопыту, чым у старэйшых калег. Але гэта не перашкаджае ёй здзіўляць і захапляць гледача сваімі карцінамі. Іх на суд прысутных было вынесена каля двух дзясяткаў.

—            Маляванне — маё даўняе хобі, хоць я ніколі і нідзе гэтаму не вучылася, — прызналася Ганна. — Заўсёды стварала работы інтуітыўна: што адчувала, тое і адлюстроўвала на палатне. Новы этап  у творчасці пачаўся пасля знаёмства з маім будучым мужам Аляксандрам. Ён мае вышэйшую мастацка-графічную адукацыю, таму шмат дапамагаў і дапамагае парадамі наконт кампазіцыі, сюжэта… Займаецца і афармленнем работ — а гэта таксама многа значыць. Наогул, без мужа гэтай выставы не адбылося б. Я вельмі ўдзячна яму за веру ў мае сілы, настойлівасць, падтрымку.

У работу клуба “Майстры” акыўна ўключылася маладая і ініцыятыўная Крысціна Брэская. У Доме рамёстваў дзяўчына працуе ўсяго паўтара года, але і за такі непрацяглы тэрмін заваявала давер і павагу старэйшых.

Крысціна займаецца незвычайным рамяством: рэканструюе беларускія народныя касцюмы. Адзін з іх можна было ўбачыць на выставе (іншыя на той момант экспанаваліся ў Віцебску). Падчас свайго невялі­кага выступлення маладая творца расказала пра асаблівасці сваёй незвычайнай работы, а таксама па­дзякавала кіраўніцтву Дома рамёстваў за магчымасць паглыбіцца ў гісторыю роднага краю і ў поўнай меры рэалізоў­ваць свае шматлікія планы.

Асобную частку выставы склалі работы Таццяны Анатольеўны Сабецкай — майстрыхі са стажам і важкім творчым багажом. У сваіх работах, многія з якіх выкананы ва ўласнай тэхніцы, яна выкарыстоўвае самыя розныя матэрыялы: абрэзкі тканін, стужкі, тасьму, карункі, футра, ніткі, паперу… У Доме рамёстваў былі прадстаўлены карціны са стужак і арыгінальныя лялькі, якія дзякуючы актыўнай выставачнай дзейнасці аўтаркі добра вядомы і гараджанам, і гасцям райцэнтра.

—            Ганарова, што ў Паставах дзейнічае такі выдатны клуб, — адзначыла напрыканцы сустрэчы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Фа­дзееўна Сакалова. — Дзякуй, што адраджаеце традыцыі нашых дзядоў і прадзедаў, знаёміце з найцікавейшымі тэхнікамі рукадзелля, пра якія мы, гледачы, нават і не ведаем. Натхнення, плённай працы і поспехаў у вашай карыснай справе, — пажадала яна майстрам, а таксама ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама Алене Аляксандраўне Касенка.

Завяршылася мерапрыемства музычным нумарам дырэктара Юнькаўскага сельскага Дома культуры Таццяны Васільеўны Пронька і пазнавальнай віктарынай.

Пазнаёміцца з экспазіцыяй выставы можна да канца красавіка.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.