“За будучыню пасля Чарнобыля і Фукусімы”


Міхаіл Зянонавіч Іршонак, Мікалай Віктаравіч Жук і Алена Аляксандраўна Далжонак з бургамістрам горада Фюрта Маркусам Браўнам.

Пад такой назвай трэці год запар Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр праводзіць у многіх еўрапейскіх краінах ты­дзень розных акцый. Галоўная мэта праекта — пачуць і захаваць успаміны сведкаў той катастрофы, атрымаць з іх урокі і зрабіць вывады на будучыню. Другі год у мерапрыемствах, якія арганізоўвае адукацыйны цэнтр, удзельнічаюць варапаеўцы Міхаіл Іршонак і Алена Далжонак.

Даўнія сяброўскія сувязі звязваюць Варапаеўскую сярэднюю школу з Дзяржаўнай рэальнай школай нямецкага горада Герцагенаўрах. Кожны год адбываецца абмен дэлегацыямі. Ля вытокаў гэтага супрацоўніцтва стаяла настаўніца фізікі і матэматыкі нямецкай школы Марга Аўэр. Цяпер яна на заслужаным адпачынку, аднак не можа сядзець без справы. Некалькі гадоў таму стала каардынатарам праекта “За будучыню пасля Чарнобыля і Фукусімы”. У яго рамках арганізуюцца сустрэчы з ліквідатарамі наступстваў чарнобыльскай катастрофы з Беларусі і Украіны.

Акцыі ахопліваюць шмат еўрапейскіх краін, у тым ліку Германію, Вялікабрытанію, Аўстрыю, Іспанію, Польшчу, Чэхію і іншыя. У Германіі яны праходзяць больш чым у 30 гарадах. Летась Марга Аўэр упершыню запрасіла паўдзельнічаць у еўрапейскім тыдні і ліквідатараў з Варапаева.  Сёлета М. З. Іршонак і А. А. Далжонак зноў былі запрошаны ў баварскія гарады Фюрт і Герцагенаўрах. У якасці перакладчыка іх суправаджаў дырэктар Варапаеўскай сярэдняй школы Віктар Мікалаевіч Жук.

— Ліквідатарам была прапанавана вельмі насычаная праграма, — расказваў Віктар Мікалаевіч. — Яны сустракаліся з прадстаўнікамі гарадскіх упраўленняў, грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, вучнямі і настаўнікамі школ, расказвалі пра сябе, работу па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, прымалі ўдзел у канферэнцыях па развіцці альтэрнатыўных крыніц энергіі і канцэпцыі энергаэфектыўнасці.

Міхаіл Іршонак у 1986 годзе праходзіў тэрміновую службу ў радах Савецкай Арміі. Часць дыслацыравалася ў Кіеве. Ужо на наступны пасля аварыі дзень маладых салдат накіравалі ў Чарнобыль. Там яны наладжвалі сувязь, дапамагалі ў арганізацыі эвакуацыі насельніцтва, ачышчалі тэхніку, ахоўвалі пад’езды да месца трагедыі.

Алена Аляксандраўна Далжонак пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча працавала ў Віцебскай абласной бальніцы. У Брагінскі раён была накіравана ў сакавіку 1987 года. У склад віцебскай брыгады ўваходзілі 10 чалавек. Сярод іх педыятр, хірург, эндакрынолаг і іншыя спецыялісты.

— У забруджанай радыенуклідамі зоне мы абследавалі тых жыхароў, якія не пажадалі пакідаць родныя мясціны, аказвалі ім неабходную медыцынскую дапамогу, — успамінала Алена Аляксандраўна. — Некаторыя вёскі былі выселены і абнесены калючым дротам. Карціна жудасная. Чарнобыльская бяда наклала свой адбітак на лёсы многіх людзей, назаўсёды напоўніла сэрцы перасяленцаў болем. Хоць мы і медыкі, але ў той час не разумелі рэальнай небяспекі. У нас не было элементарных сродкаў аховы, прадукты харчавання куплялі ў мясцовым магазіне.

Увага да ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі з боку еўрапейцаў зразумелая: ліквідатары дапамагалі ўсім, яны ратавалі не толькі Беларусь і Украіну, але і Еўропу. Без іх дапамогі навакольнаму асяроддзю і людзям быў бы нанесены значна большы ўрон.

Напярэдадні 28-ай гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Варапаеўскай школе ўшануюць землякоў, якія былі задзейнічаны на розных работах у забруджанай зоне, змагаліся там з нябачнай бядой. Удзел у акцыі прыме і каардынатар праекта “За будучыню пасля Чарнобыля і Фукусімы” з нямецкага горада Герцагенаўрах Марга Аўэр.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.