«Беларусачка» прываблівае


Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Швейная фабрыка «Беларусачка» вырабляе паўтары тысячы камплектаў пасцельнай бялізны ў месяц. Гатовую прадукцыю рэалізуе ў сваім аднайменным фірменным магазіне ў Паставах, іншых магазінах райцэнтра, а таксама ў пяцідзесяці гандлёвых кропках Беларусі. І гэта далёка не мяжа, лічыць дырэктар швейнай фабрыкі і магазіна Яўгеній Іванавіч Владыка.

Каб дасягнуць мэты, трэба, перш за ўсё, ісці да яе. Мабыць, так можна ахарактарызаваць шматлікія спробы Яўгенія Владыкі наладзіць уласны бізнес. Заняцца ім ён вырашыў чатыры гады таму, пасля таго як дзесяць гадоў адпрацаваў у сусветнай гандлёвай кампаніі «Ригли». Сваю справу ў Паставах адкрыў разам з сябрам. Пачалі з таго, што сталі наносіць лагатыпы на пакеты, запальніцы і іншую дробязь. Аднак разгарнуцца ў поў­ную сілу прадпрымальнікам не ўдалося — грымнуў фінансавы крызіс 2011 года.

— Справы пайшлі кепска, і мой сябар вырашыў выйсці з «гульні». Я ж, наадварот, захацеў пазмагацца. Напэўна, таму, што па натуры ўпарты: калі вырашыў чымсьці займацца, то паспрабую ўсе варыянты. Здавацца пасля першай няўдачы не ў маіх правілах, — расказваў Яўгеній Владыка. — Каб паправіць справы, вырашыў шукаць іншыя формы работы.

Адной з іх стаў пашыў спец­вопраткі, а ў сакавіку 2013 года — пасцельнай бялізны. Ідэя шыць навалочкі, падкоўдранікі і прасціны аказалася настолькі ўдалай, што цяпер гэта з’яўляецца асноўнай вытворчасцю і складае прыблізна 95% ад усёй прадукцыі. Але каб дасягнуць такіх вынікаў, прыйшлося пераадолець не адну падводную плынь:

— Першапачаткова для пашыву пасцельнай бялізны мы сталі закупляць тканіну, вырабленую ў Баранавічах, але пры рэалізацыі гатовай прадукцыі ўзніклі цяжкасці. Многія прадаўцы не хацелі браць тавар, справядліва адзначаючы, што яны ўжо рэалізуюць аналагічны — пасцельную бялізну, пашытую з такой жа тканіны на швейнай фабрыцы ў Баранавічах. Стала відавочна, што нешта трэба мяняць, — успамінае прадпрымальнік. — Пытанне вырашылася, калі мой прыяцель, які займаецца пастаўкай тканін, прапанаваў мне паспрабаваць расійскія і пакістанскія ўзоры. Яны аказаліся не горшыя, а па некаторых параметрах нават лепшыя за беларускія. Неўзабаве мы сталі закупляць тканіну напрамую ў вытворцаў, што ў разы павысіла рэнтабельнасць.

У лістападзе мінулага года Яўгеній Владыка адкрыў магазін насупраць «Лідзіі», папярэдне адрамантаваўшы памяшканне, якое арандуе ў камбіната бытавога абслугоўвання. У краме ў шырокім асартыменце пасцельная бялізна, падушкі, коўдры, ручнікі, халаты, артапедычныя матрацы і многае іншае. Хутка з’явіцца яшчэ і ніжняя жаночая і мужчынская бялізна. Уся прадукцыя выключна беларускіх вытворцаў. У магазіне працуюць два прадаўцы. Шматлікіх пакупнікоў прыцягваюць іх ветлівасць і кампетэнтнасць: яны заўсёды могуць расказаць пра прадукцыю, даць параду. Усё гэта плюс ненадакучлівы сэрвіс дазваляюць гандлёвай кропцы набываць пастаянных кліентаў.

Крама, як і швейная фабрыка, называецца «Беларусачка». Гэта назва сімвалічная і выбрана на перспектыву: калі прадпрымальнік толькі пачаў займацца пашывам пасцельнай бялізны, адным з магчымых рынкаў збыту бачыў Расію, а там, як вядома, высока цэняць тавары, вырабленыя ў нашай краіне. Пакуль жа Яўгеній Владыка актыўна асвойвае айчынныя рынкі збыту. На парадку дня — пашырэнне існуючага асартыменту і тэрыторыі продажу, павелічэнне колькасці вырабляемай прадукцыі. У будучыні гэта дазволіць адкрыць новыя працоўныя месцы для швачак і ўпакоўшчыкаў. Дарэчы, цяпер на прадпрыемстве працуе ўсяго дзевяць чалавек, пяць з іх заняты на пашыве пасцельнай бялізны.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.