Град у Паставах


19 мая па Беларусі прайшлі моцныя даж­джы з буйным градам. У выніку ад непагадзі пацярпелі 42 населеныя пункты.

(З паведамлення прэс-службы рэспубліканскага Гідраметэацэнтра).

У панядзелак, пасля сямі гадзін вечара блакітнае неба над Юнькамі і на подступах  да горада за кароткі прамежак часу ператварылася ў цёмную нерухомую заслону. А потым раптоўна абрушыўся праліўны дождж з буйным градам. З моцнай сілай круглыя ледзяшы (самыя вялікія дасягалі 40 мм у дыяметры) падалі на асфальт, траву, барабанілі па аўтамашынах, аконных шыбах. На працягу дзесяці-дванаццаці хвілін сотні жыхароў пятага гарадка з вялікай трывогай назіралі за непагаддзю, адганяючы ад сябе  жахлівыя думкі.

— У той час над усходняй часткай горада быццам шэрая суцэльная сцяна стаяла, — расказвала Таццяна Лешчык з Рамелек. — На шчасце, лівень і град не дайшлі да нашай вёскі, хоць і  былі побач.

— Праязджаючы праз Грыдзькі і Соўкі, давялося спыніць аўтамашыну і схавацца, — дзялілася  ўражаннямі ад убачанага і перажытага Вольга Астроўская. — Град і лівень былі настолькі моцнымі, што не было ніякай бачнасці на дарозе.

Укрываючы градкі, на сабе адчуў удары граду жыхар гарадка Іосіф Крэміс і потым расказваў, што гэта адчуванне не з прыемных. Ён на ўласныя вочы бачыў, як градзіны ў некалькіх месцах пашкодзілі плёнку на парніку суседа.

А вось у кватэру Тамары Кузняцовай лядзяш з моцнай сілай уляцеў у фортку. Але нічога не пашкодзіў.

Як стала вядома пазней, не бачаныя да гэтага дождж і град  прайшлі ў  Паставах у мікрараёнах пятага гарадка і вуліцы Юбілейнай. На вялікае шчасце, ад непагадзі ніхто не пацярпеў, абышлося без страт. Але і радасці асаблівай няма.

З-за амаль штодзённых ападкаў прыпыніліся палявыя работы. Гаспадаркі не паспелі завяршыць сяўбу зерневых і зернебабовых, кукурузы, рапсу, ільну. Нават пры ўсталяванні спрыяльнага надвор’я спатрэбіцца некалькі дзён для падсыхання глебы. Моцна пераўвільготнены і пасевы азімых і яравых, у чым мы пераканаліся з намеснікам начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Алёнай Юрынёнак, наведаўшы на гэтым тыдні шэраг гаспадарак. Шмат участкаў пад вадой у ААТ “Камайскі-агра”, “Сцяг Перамогі-агра” і некаторых іншых. З-за гэтага не праводзяцца хімічная праполка і падкормка пасеваў, што не лепшым чынам уплывае на будучы ўраджай.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.