І праз 60 гадоў закаханыя


Юзэфа і Іван Мілош.

Кажуць, калі ў дзень вяселля ідзе дождж, саюз маладых будзе доўгім і шчаслівым. Так супакойвала сябе Юзэфа, калі ў далёкім 1954-ым ехала на кані са сваім Іванам браць шлюб у лынтупскі касцёл. У той дзень раптоўна наляцела туча і паліўся моцны дождж, і, каб пайсці да алтара, трэба было яшчэ доўга сушыць вэлюм і сукенку.

Прыкмета аказалася праўдзівай. Амаль шэсцьдзесят гадоў сям’я Мілош жыве ў любові і згодзе.

Іван нарадзіўся ў вёсцы  Масленікі (Лынтупскі сельсавет). Не было і двух гадкоў, як застаўся сіратой. Бацькі памерлі адно за адным, пакінуўшы на волю лёсу пецярых дзяцей. Маленькага Івана гадавалі цёткі-дзядзькі. І ўжо ў шэсць гадоў адправілі пастушком да заможных вяскоўцаў.

— У дзяцінстве давялося папрацаваць у розных гаспадароў — і добразычлівых, і не вельмі, — успамінаў Іван Тадэвушавіч. — Але куды дзявацца? Мусіў зарабляць на кавалак хлеба. Крыўдаваў ад несправяд­лівасці, але калі б і хацеў, пажаліцца не было каму.

У трынаццаць гадоў перайшоў служыць у вёску Роўнае Поле, дзе сёння ўжо няма ніводнага жыхара. Там пазней і пазнаёміўся з Юзэфай.Яе сям’я, як і большасць у вёсцы, жыла вельмі сціпла. Браты зараблялі на хлеб, дзяўчынка дапамагала па хатніх справах і гаспадарцы. Сваю першую памочніцу маці нават не адпусціла вучыцца, бо хто ж выконваў бы яе абавязкі? Так і атрымалася, што адукацыя Юзэфы — тры класы мясцовай школы. “Шпалеры са сцен аб­дзяром і пішам на іх”, — прыгадвала гаспадыня.

Усяму навучыла жыццё. Пасля жа-ніцьбы пабудавалі хату ў Палхунах, дзе жывуць і сёння. Абое працавалі на ферме, трымалі вялікую ўласную гаспадарку.

Іван Тадэвушавіч прызнаўся, што водпуску не браў гадамі: гэта было недазвольнай раскошай. З жонкай, як маглі, бераглі капейку: падрасталі дачка і сын. Абое атрымалі добрую адукацыю. Сёння яны жывуць у літоўскім Вісагінасе, але пры любой магчымасці прыязджаюць у родную хату.

Вялікае жаданне працаваць ёсць у гаспадароў і цяпер, але падводзіць зда­роўе. Усё ж такі ўзрост паважаны:  ёй 84, яму 82. Таму з гаспадаркі трымаюць усяго дзясятак курэй. Нямала сіл патрабуюць і хатнія справы. Юзэфа Іванаўна з імі спраўляецца на выдатна: бачылі б вы, як чыста і акуратна ў пакоях!

Доўгажыхары шмат шчыруюць і на вуліцы, асабліва цяпер, вясной. Гаспадыня з маладосці вельмі любіць кветкі, заўсёды высаджвае іх шмат: не для прахожых — для душы. Старанні не застаюцца незаўважанымі кіраўніцтвам мясцовага сельскага Савета: на сцяне іх хаты красуецца шыльдачка “Дом узорнага парадку”.

— Заўсёды брала прыклад са сваіх бацькоў, — прызналася Юзэфа Іванаўна. — Яны былі вельмі руплівымі гаспадарамі, таксама пражылі разам дзясяткі гадоў. Які сакрэт такіх трывалых адносін? Трэба саступаць адно аднаму. І ў кожнай спрэчнай сітуацыі не забываць задаваць сабе пытанне: я хачу быць правы або шчаслівы?

Іна СНЯЖКОВА. 

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.