Колькасць на якасць не паўплывала

Образование

26 красавіка на базе вайсковай часці 1257 прайшла традыцыйная гульня “Зарніца”. Сёлета ў ёй ­удзельнічалі толькі пяць каманд школьнікаў, што ў два разы менш, чым у папярэднія гады. Прычына гэтага — іншыя спартыўныя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў раёне ў той жа дзень.

З усёй адказнасцю і ў выдатнай спартыўнай форме падышлі да гульні вучні з сярэдніх школ № 1, № 2, № 5, а таксама з Гуты і Дуні­лавіч, якія паспаборнічалі на шасці этапах. На самым складаным — “Марш-кідку” — не было роўных прадстаўнікам Дунілавіч. У перацягванні каната перамогу святкавалі вучні СШ № 5. Яны ж прадэманстравалі самыя трывалыя веды па гісторыі вызвалення роднага краю і такім чынам святкавалі перамогу ў віктарыне. У конкурсе строю і песні журы так і не змагло выявіць наймацнейшага — два першыя месцы прысу­джаны школьнікам з Гуты і СШ № 1.

Арганізатарамі сёлета было прапанавана і новае заданне — у пісьмовай форме расказаць пра помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, які замацаваны за школай. Найбольш творча да гэтага аднесліся школьнікі з СШ №1 (яны аказаліся бясспрэчнымі лідарамі) і з СШ №5.

Па суме балаў за ўсе конкурсы выніковае першае месца заняла каманда Дунілавіч (на здымку), другімі сталі прадстаўнікі Гуты, “бронза” — у вучняў СШ № 5. Пераможцы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі.

—        Усё прайшло на высокім узроўні, — адзначыла першы сакратар райкама БРСМ, адзін з арганізатараў спартыўнага мерапрыемства Іна Каралёва. — Як заўсёды, была добра падрыхтавана паласа перашкод, забяспечана музычнае суправаджэнне. Настрою дадала роўная барацьба каманд-удзель­ніц. Шкада, што ў гульні не ўдзельнічалі школьнікі з гімназіі, СШ №3, СШ № 4, Лынтупскай, Камайскай… Але перанесці “Зарніцу” на іншы дзень не маглі. Усім вядома, што вайсковая часць расфарміроўваецца, і пазней не было б магчымасці арганізаваць усё як след. Ды і абласны этап гульні сёлета праводзіцца, як ніколі, рана.

Арганізатары “Зарніцы” падзякавалі камандаванню вайсковых часцей 1257 і 1244, а таксама раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзяржаўнаму аб’яднанню «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», цэнтральнай раённай бальніцы, якія забяспечылі ўмовы правядзення гульні і аказалі дапамогу ў набыцці падарункаў.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота Алены ЦІМАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.