Не ўсе недахопы ліквідаваны

Общество

Як зрабіць наш раён чысцейшым і прыгажэйшым? Такім пытаннем пастаянна задаюцца мясцовая ўлада, суб’екты гаспадарання розных форм уласнасці, самі жыхары. У гэтым кірунку вядзецца вялікая работа. Пытанні санітарнага стану тэрыторый разглядаюцца на пасяджэннях выканаўчага камітэта, сесіях райсавета, вытворчых нарадах, падымаюцца на старонках газеты. Акрамя гэтага, супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць пастаянныя маніторынгі. На адным з іх сумесна з памочнікам урача-гігіеніста Ірынай Бабіч і загадчыцай аддзела эпідэміялогіі Людмілай Сафронавай пабывала і аўтар гэтых радкоў.

— Работа па добраўпарадкаванні павінна праводзіцца сістэматычна: уборку тэрыторыі трэба праводзіць пастаянна, а не ад выпадку да выпадку, як гэта часта любяць рабіць некаторыя суб’екты гаспадарання. Яны чамусьці чакаюць, пакуль ім не пакажаш на праблемы і недахопы, не дасі часу на іх ухіленне. А вось наколькі добрасумленна і своечасова выконваюцца некаторыя прад­пісанні, мы сёння і паглядзім, — уводзіць у курс справы ўрач-эпідэміёлаг Людміла Сафронава.

У руках у Людмілы Мікалаеўны папка. Адзін з дакументаў, які змяшчаецца ў ёй, сведчыць пра тое, што пры правядзенні 10 красавіка маніторынгу зоны адпачынку «Боцвіны» выяўлены наступныя парушэнні санітарных норм: ёміс­тасць для збору цвёрдых адходаў не абсталявана крышкай, не пафарбавана, не мае маркіроўкі з указаннем віду адходаў і даных пра ўласніка, адсутнічае агароджа вакол яе. Тэрыторыя зоны адпачынку засмечаная, бытавыя адходы разносяцца ветрам ва ўсе бакі. Такая ж карціна назіралася і ў зоне адпачынку «Вароны». Толькі тут, акрамя вышэйпералічаных парушэнняў, яшчэ і ёмістасць для збору смецця знаходзілася ў тэхнічна няспраўным стане, а туалет не прыдатны для карыстання.

У афіцыйным адказе ад 2 мая за подпісам начальніка ДЭУ-33 Генадзія Татарчука паведамляецца, што ўсе недахопы, названыя ў рэкамендацыйным лісце, ліквідаваны. На паверку пры паўторным маніторынгу зона адпачынку «Боцвіны» сапраўды выглядала дагледжанай, але дробныя недахопы ўсё ж меліся. Што да зоны адпачынку «Вароны», то тут сітуацыя мала змянілася: задняя сценка альтанкі напалову разабраная, туалет не прадэзінфіцыраваны, кантэйнер для смецця свеціцца ад дзюр.

Зараз у Беларусі праходзіць чэмпіянат свету па хакеі, па рэспубліканскіх трасах рухаецца вялікі паток турыстаў. Натуральна, нам хочацца, каб у іх засталіся прыемныя ўражанні пра нашу краіну. У сувязі з гэтым пытанне добраўпарадкавання зон адпачынку на аўтадарогах знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Нядаўна ход добраўпарадкавання абмяркоўваўся на тэлеканферэнцыі з удзелам намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Эдуарда Дзям’янава.

Яшчэ адзін аб’ект маніторынгу — ігравы цэнтр «Вегас». Тэрыторыя вакол будынка старанна прыбрана, але кантэйнер для смецця дзіравы. А побач, як быццам для кантрасту, зіхаціць чысцінёй і новай фарбай кантэйнер, які належыць аптэцы і рыбалоўнаму магазіну. Побач з кантэйнерамі — каналізацыйны люк, які чамусьці прыкрыты не спецыяльнай крышкай, а абрэзкамі дошак. У жахлівым стане знаходзіцца надворны туалет. Яго трэба альбо прыводзіць у належны стан, альбо закрываць. Арэндадаўцу А. А. Чарняўскаму даручана ліквідаваць недахопы да першага чэрвеня.

Вераніка Філановіч.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.