«Нябачныя помнікі Вялікай вайны»


Андрэй Мацур з куратарам выставы Аленай Шалімай

Пад такой назвай 12 мая ў галерэі мінскага кінатэатра “Победа” адкрылася фотавыстава пастаўскага фатографа Андрэя Мацура. Яна была арганізавана пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі і прымеркаваная да Дня Еўропы, а таксама 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны.

Экспазіцыя складаецца з 55 работ, на якіх адлюстраваны даўнія сведкі тых крывавых падзей — доты, траншэі, воінскія захаванні. Каб яе стварыць, аўтару спатрэбіўся больш за год. За гэты час ён здейсніў дзясяткі экспедыцый, праехаў сотні кіламетраў уздоўж лініі фронту. Прычым не толькі па Пастаўскім, але і суседніх раёнах — Мядзельскім, Вілейскім, Браслаўскім, Смаргонскім, Баранавіцкім… У некаторыя месцы вяртаўся неаднойчы.

Адкуль у фатографа такая цікавасць да Першай сусветнай?

—​  Тэму мне падказаў вядомы беларускі фатограф Сяргей Мікалаевіч Качаргін, — распавёў Андрэй Мацур падчас адкрыцця выставы. — У дзень нашага знаёмства, калі даведаўся адкуль я родам, ён параіў не абмінаць увагай каштоўныя помнікі той Вялікай вайны. Наша зямля, праз якую праходзіў фронт, імі вельмі багата. “Захавайце для продкаў памяць пра тое, што засталося, — звярнуўся ён тады да мяне. — Праз некалькі дзясяткаў гадоў гэтых “сведкаў” гісторыі можа ўжо не быць…”

Размова доўга не выходзіла з галавы Андрэя, але ён папросту не ведаў з чаго пачаць. Падказалі абставіны. Рыхтуючы выставу пра маляўнічы Мядзельскі раён, фатограф шмат вандраваў па тых мясцінах. І ў нейкі момант зразумеў, што немагчыма абмінуць тэму “Нарачанскай аперацыі” — надзвычай трагічнага і крывавага эпізода Першай сусветнай вайны. Зрабіў серыю з трох-пяці фатаграфій на месцы подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў. І тады злавіў сябе на думцы, што акрамя скупых звестак з школьных падручнікаў па гісторыі, нічога не ведае пра тыя гераічныя падзеі. Пачаў імі цікавіцца: чытаць матэрыялы ў кнігах і інтэрнэце, гутарыць з краязнаўцамі. Тэма настолькі захапіла, што большасць вольнага часу фатографа была прысвечана менавіта ёй.

Неацэнны ўклад у развіццё творчага праекта зрабілі кіраўнік Дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” Барыс Цітовіч, выкладчык гісторыі і пісьменніца з Баранавіцкага раёна Ірына Дубейка, спецыяліст па воінскіх захаваннях Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў, пастаўскі калекцыянер-рэканструктар Павел Курто, сябры-рэкантруктары ваенна-гістарычнага клуба «Товарищи по оружию» Антон Зайцаў і Павел Кочатаў, а таксама куратар выставы — мінскі фатограф Алена Шаліма. Аўтар выказвае ім вялікую ўдзячнасць.

Вынік работы аказаўся вельмі дастойным. Нездарма праектам зацікавілася Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі, з фонду якога былі выдзелены сродкі на падрыхтоўку экспазіцыі — пячатанне фотаздымкаў на пенакардоне, выданне кніг-прэзентацый выставы і іншыя арганізацыйныя моманты.

—​  Я ў захапленні ад выставы, — падзялілася ўражаннямі дырэктар Пастаўскага краязнаўчага музея Раіса Леанідаўна Курачэнка, якая прысутнічала на яе адкрыцці. — Андрэй Мацур — надзвычай таленавіты фатограф, які цікавымі ракурсамі, гульнёй святла здолеў стварыць цудоўныя мастацкія здымкі. Іх тэма сёння надзвычай актуальная. Кожнае наступнае пакаленне ведае пра Першую сусветную вайну ўсё менш і менш. І варта чарговы раз нагадаць пра герояў і ахвяр тых жудасных падзей. Іх лік ідзе на сотні тысяч.

Раіса Леанідаўна таксама расказала, што ў музеі поўным ходам ідзе стварэнне маштабнай экспазіцыі, прымеркаванай да падзей Першай сусветнай вайны. Распрацоўваецца і турыстычны маршрут па месцах баявых дзеянняў на Пастаўшчыне. Плануецца, што ён пройдзе праз вёскі Мажэйкі, Сіўцы, Пятроўшчына і іншыя. Яшчэ неаднойчы думае вярнуцца ў гэтыя мясціны і Андрэй Мацур. Работа над тэмай працягваецца.

 

 

Іна СНЯЖКОВА.

Фота Антона ЛОЎКІСА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.