Вырашыць сёння, кім быць заўтра

Местная власть

Такая задача стаіць перад выпускнікамі гарадскіх і сельскіх школ Пастаўшчыны. Многія з іх даўно вызначыліся з выбарам будучай спецыяльнасці і мэтанакіравана рыхтуюцца да паступлення. Але нямала і тых, хто стаіць на скрыжаванні прафесійных шляхоў. Зрабіць правільны выбар ім павінен дапамагчы маштабны прафарыентацыйны злёт, які ладзіўся 17 красавіка ў вялікай зале пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта.

На традыцыйнае штогадовае мерапрыемства сабралася некалькі соцень выпускнікоў, перад якімі выступілі прадстаўнікі вышэйшых, сярэднеспецыяльных і прафесійна-тэх­нічных навучальных устаноў Беларусі.

— Інфармацыю пра ВНУ, факультэты і спецыяльнасці можна атрымаць з розных крыніц, — адзначыў начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама Уладзімір Зі­ноўевіч Гутар. — Дастаткова адкрыць інтэрнэт — і на кожнага абрушваецца “лавіна” звестак пра сотні факультэтаў і спецыяльнасцей. Разабрацца ў іх не так і проста. Сёння ж у абітурыентаў ёсць магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі навучальных устаноў, задаць ім пытанні. Таму перакананы, што гэта мерапрыемства стане карысным для ўсіх.

Уладзімір Зіноўевіч падкрэсліў, што на Пастаўшчыне найбольш запатрабаваны кадры сельскагаспадарчых спецыяльнасцей.

—            У горадзе лягчэйшыя ўмовы працы, затое ў вёсцы не ўзнікае праблем з жыллём, — працягнуў ён. — Маладым спецыялістам адразу прапануюць дом або кватэру. А гэта зусім не малаважна, асабліва пры сённяшняй дарагавізне здымнага жылля. Але якую б прафесію вы ні абралі, мы чакаем вас на Пастаўшчыне.

Выпускнікам таксама нагадалі пра магчымасць заключаць мэтавыя дагаворы. Тым больш што, згодна з новай рэдакцыяй Правілаў прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадугледжваецца пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі па ўсіх спецыяльнасцях. У прыватнасці, дазваляецца заключэнне дагавораў паміж арганізацыяй і абітурыентам незалежна ад месца яго пражывання і адзнак па прадметах уступных выпрабаванняў. У рамках пашырэння мэтавай падрыхтоўкі таксама павялічваецца прыём абітурыентаў ва ўстановы адукацыі па сельскагаспадарчых, медыцынскіх і іншых спецыяльнасцях.

Акрамя таго, адмяняецца прафесійна-псіхала­гічнае субяседванне для асоб, якія паступаюць на спецыяльнасці, звязаныя з дзяржаўным кіраваннем, правам і журналістыкай.  Уводзіцца шэраг прэферэнцый для абітурыентаў, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, педагагічныя, ваенныя, фі­зічнай культуры і спорту.

Праграма мерапрыемства была надзвычай насычанай. Перад школьнікамі выступілі прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа Белкаапгандлю, Пастаўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа, а таксама Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Дзякуючы шматлікім мультымедыйным прэзентацыям школьнікі акунуліся ў жыццё названых навучальных устаноў — “пабывалі” ва аўдыторыях, інтэрнацкіх пакоях, месцах для адпачынку. Карыснай для іх стала інфармацыя пра прахадныя балы на асобныя спецыяльнасці, вучэбныя курсы падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, дні адкрытых дзвярэй, якія праводзяцца напрыканцы навучальнага года. Дарэчы, уся інфармацыя прадубліравана на афіцыйных сайтах навучальных устаноў.

Сярод выступоўцаў былі і нашы землякі. Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт прадстаўлялі студэнткі 5 курса лячэбнага факультэта Ганна Бурко і Ірына Ліпніцкая, Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж — намеснік дырэктара па вытворчай рабоце Жанна Вайцёнак. Прыемна было прыехаць у родны горад і дэкану агранамічнага факультэта Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Віктару Баляслававічу Лоўкісу (на здымку ўверсе), які скончыў СШ №2 і Пастаўскі прафе­сійна-тэхнічны каледж. Ён, як і многія з прысутных выкладчыкаў, гаварыў пра важнасць рабочых спецыяльнасцей, якія сёння запатрабаваныя і высокааплатныя.

Што рабіць, калі  падчас уступнай кампаніі здарыўся промах? Не адчайвацца, а звяртацца ў аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама. Яго галоўны спецыяліст Галіна Фёдараўна Дзеравянка расказала школьнікам пра курсавую падрыхтоўку моладзі для атрымання першай рабочай прафесіі.

—            Дзяўчатам мы прапануем адвучыцца на прадаўца, бухгалтара, повара, кандытара, рахункавода, цырульніка, майстра па манікюры і іншыя спецыяльнасці,  — патлумачыла Галіна Фёдараўна. — Юнакі могуць атрымаць вадзіцельскія правы катэгорый “B” i “C”, пасведчанні токара, плітачніка, абліцоўшчыка, фрэзероўшчыка, электраманцёра, мантажніка будаўнічых канструкцый — і гэта зусім не поўны пералік. Аддзел занятасці накіроўвае маладых людзей у навучальныя ўстановы Мінска, Віцебска, Полацка і іншых гарадоў, аплачвае пражыванне, навучанне, якое доўжыцца да 6 месяцаў, забяспечвае стыпендыяй.

Выступоўца звярнула ўвагу на тое, што навучанне будзе бясплатным толькі для тых, хто стаіць у аддзеле занятасці на ўліку па беспрацоўі. Калі малады чалавек там не зарэгістраваны, яму давядзецца вучыцца за ўласныя сродкі.

Звяртацца ў аддзел занятасці выпускнік можа адразу, як толькі яму выдалі атэстат. Прад’явіўшы пашпарт або від на жыхарства, мае права стаць на ўлік па беспрацоўі, атрымліваць матэрыяльную дапамогу, пры жаданні ўдзельнічаць у грамадскіх і гаспадарчых аплатных работах або часткова працаўладкавацца (дадатковую інфармацыю можна атрымаць у каб. № 29 райвыканкама і па тэлефоне 4-47-22).

—            Яшчэ ёсць час, сур’ёзна падумайце пра сваю будучую прафесію, — пажадала школьнікам адна з арганізатараў злёту, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Субко. — Звяртайце ўвагу не на прэстыжнасць, а ў першую чаргу на запатрабаванасць абранай вамі спецыяльнасці. І тады будзе куды болей шанцаў паспяхова ўладкаваць сваё жыццё.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.