Змагаліся да канца

Спорт

“ПМЦ-Паставы” — ФК “Мінск” — 1:0

Як і першы дамашні матч, наступны паядынак пастаўчан з мінулагоднім чэмпіёнам Беларусі зноў атрымаўся вельмі цікавым і відовішчным. У складзе гаспадароў з-за пашкоджання спіны на трэніроўцы не змог гуляць асноўны распасоўшчык Аляксандр Александровіч, што крыху аблегчыла задачу мінчанам, якія пабудавалі сваю гульню строга ад абароны і стараліся праводзіць небяспечныя конт­ратакі.

Хоць галявых момантаў было небагата, гледачы не сумавалі, бо бачылі вельмі напружаную барацьбу. Яшчэ ў першым тайме стала зразумела, што лёс паядынку можа вырашыць адзін дакладны ўдар. Госці таксама маглі выйграць: аднойчы стрэлілі ў штангу варот ПМЦ і яшчэ двойчы прамахнуліся з небяспечнай адлегласці. У трох эпі­зодах каманду ПМЦ выручыў ад непрыемнасцей яе варатар Андрэй Чашун, які згуляў рашуча і надзейна. Хапала работы, асабліва пасля перапынку, і яго сталі­чнаму калегу. У сярэдзіне другога тайма асобным мінчанам прыйшлося аказваць медыцынскую дапамогу з-за вялікай нагрузкі на мышцы ног.

У канцоўцы сустрэчы пастаўчане з апошніх сіл узмацнілі свой націск і пайшлі на рашаючы штурм. Пайшоў ужо дадатковы час, калі гаспадары нарэшце правялі выніковую атаку. На подступах да варот гасцей мяч атрымаў Ілья Кухарчык і на высокай хуткасці перайграў свайго апекуна, потым варатара “Мінска” і пад вострым вуглом накіраваў мяч у непрыкрытыя вароты. Чарговую важную і няпростую перамогу здабылі Чашун, Танана, Ванда (к), Бяльчонак, Камісарчук, Беразун (Якаўлеў), Павініч (Сакалоў), Лузан (Цітовіч), Жалезнікоў (Дубін), Кухарчык, Вілейта.

Першымі ў той дзень згулялі маладзейшыя склады гэтых жа каманд. Гульня таксама была вельмі ўпартай, але, да радасці гледачоў, футбалісты “ПМЦ-2” вырвалі перамогу ў аднагодкаў-мінчан з лікам 1:0, калі пасля перапынку вызначыўся юны пастаўчанін Ілья Васілевіч. Пасля выезду ў Гомель старэйшую каманду ПМЦ маскоўскі “Спартак” запрасіў на прадстаўнічы міжнародны футбольны турнір у ра­­­сі­й­­скую сталіцу, а дома ў чэмпіянаце Беларусі пастаўчане згуляюць 21 мая з салігорскім “Шахцёрам”.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.